Новости
Святаслаў Няхайчык выразае з дрэва цудоўныя рэчы
главное
1500 дня(-ей) назад
2
4

У 2014 г. Святаслаў Няхайчык прэзентаваў драўляныя вырабы ў лагойскім парку на Дзень Незалежнасці. Іх заўважыла Кацярына Мароз, якая ўзначальвае раённы Дом рамёстваў, – з таго часу разьбяр з-пад Барысава цесна супрацоўнічае з нашым клубам майстроў.

– Маё знаёмства з разьбой па дрэве адбылося ў 13-гадовым узросце ў гуртку мінскага клуба «Арляня», – расказаў Святаслаў Уладзіміравіч. – Там з намі працавалі выдатныя майстры, вядомыя, напрыклад, тым, што рабілі рэстаўрацыю іканастаса ў кафедральным саборы. А прыгажосць дрэва навучыў заўважаць бацька Уладзімір Андрэевіч. Ён быў вядомым фотамастаком, рабіў здымкі, прысвечаныя прыродзе Беларусі, яе гісторыі.

Пасля заканчэння Мірскага мастацкага прафтэхвучылішча майстар працаваў у розных сферах: займаўся зборкай корпуснай мэблі, рамонтам памяшканняў, быў арганізатарам цэху па вытворчасці мастацкіх вырабаў у паляўнічай гаспадарцы «Королевская охота». Аднак з часам зразумеў, што хоча развіваць уласны мастацкі патэнцыял і з 2012 г. пачаў займацца рамесніцтвам у сваёй майстэрні. Плён яго працы можна ўбачыць на кірмашах і выставах, пленэрах, у якіх актыўна ўдзельнічае. Адзін з галоўных на Міншчыне пад назвай «Цеплыня дрэва» рэгулярна арганізоўвае абласны цэнтр народнай творчасці. Драўляныя скульптуры майстры робяць на працягу некалькіх дзён і пакідаюць пасля ў падарунак гораду, у якім збіраліся. Так, работы Святаслава Няхайчыка засталіся ўпрыгожваць вуліцы Нясвіжа (выява Чорнай Панны), Клецка (Сымон Будны), Заслаўя (Цмок) і інш.

– Сярод розных напрамкаў дзейнасці мне вельмі падабаецца інтэр’ерна-ўтылітарная скульптура,– адзначыў разьбяр. – Люблю рабіць дызайнерскія свяцільні, ключніцы, мэблю, майстраваць з каранёў. Сустракаюцца матэрыялы, якія не трэба нават апрацоўваць: крыху падшліфуеш – і рэч для аздаблення памяшкання гатовая. Я магу знайсці патрэбны кавалак, галінку, гуляючы па лесе. Радуюся, што сёння ў Беларусі шмат людзей, якім не ўсё роўна: рэчы кітайскай вытворчасці будуць вакол іх ці з мясцовага прыроднага матэрыялу. Ёсць, напрыклад, гаспадар аграсядзібы пад Беразіно, у двары якога каля 30-ці маіх работ. Нядаўна мы з калегамі зрабілі яму з дубу Цар-пушку ў натуральную велічыню.

Разам з жонкай Таццянай Уладзіміраўнай Святаслаў Няхайчык пабываў на самых розных мерапрыемствах. Дапамагаў у некаторых паездках і сын. Дарэчы, Ян любіць кавальства і мае намер спалучыць дрэва, якім займаецца бацька, з каванымі элементамі.

У свеце штучных, пластыкавых рэчаў важна адчуваць цеплыню натуральнага матэрыялу. Святаслаў Уладзіміравіч заўважае, што ў кожнага віду не толькі свая тэкстура, але і характар. Напрыклад, самым падатлівым дрэвам ён называе дуб, а ліпу, наадварот, капрызным, аднак, калі да яе прыкласці рукі, яна запяе.

А яшчэ разьбяр вельмі любіць вязы з іх цудоўнай тэкстурай. Іх шмат там, дзе знаходзіцца яго дом і майстэрня. Гэта тэрыторыя былой сядзібы Міхаіла Цюндзявіцкага – пляменніка маршалка Барысаўскага павета, які служыў у расійскай арміі і ў 1863 г., падчас паўстання Кастуся Каліноўскага, быў пакараны смерцю за агітацыю. Старыя дрэвы ў аварыйным стане пачынаюць паціху спілоўваць, і Святаслаў Няхайчык сочыць, каб не зніклі марна каштоўныя кавалкі, якія могуць яшчэ паслужыць людзям у выглядзе прыгожых рэчаў, што захоўваюць памяць і цеплыню стагоддзяў…

Алена Масцерава.