Новости
Адзінаццацікласнік з райцэнтра прыняў удзел у тэлепраекце «Я знаю!»
главное
1506 дня(-ей) назад
2
4

Пачаліся здымкі чарговых выпускаў тэлепраекта «Я знаю!» на канале «Беларусь 1». У чацвер 13 лютага ўдзел у іх прыняў вучань 11 класа СШ № 1 г. Лагойска Аляксей Слонскі. У групе падтрымкі школьніка выступіла настаўніца Ніна Якубчык.

Малады чалавек добра вучыцца, паказвае высокія вынікі навучання па розных дысцыплінах, а таксама з’яўляецца ўдзельнікам каманды «Вялікі прайгравальнік» – адной з самых моцных школьных зборных краіны па інтэлектуальных гульнях.

Сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь быў створаны для таго, каб знайсці ў школах эрудытаў, смелых, ініцыятыўных і знаходлівых. Мэта яго – дапамагчы раскрыцца і настаўнікам, якія старанна рыхтуюць дзяцей да інтэлектуальнага конкурсу і разам з бацькамі школьнікаў у групе падтрымкі прымаюць удзел у здымках праграмы.

Падчас гульні вучні 5 – 11 класаў, кожны ў сваёй паралелі, перад тэлекамерай шукаюць адказы на пытанні з розных сфер жыцця. Перамагае той, хто адказвае на большую колькасць пытанняў. Пры гэтым важную ролю мае хуткасць рэакцыі гульца, уменне не разгубіцца падчас выбару правільнага варыянта. Дапамагаюць ім у гэтым крэатыўныя вядучыя – Георгій Калдун і Дзмітрый Новік.

Школьнікі з Лагойска ўжо прымалі ўдзел у папярэдніх сезонах тэлепраекта. Пры гэтым два гады назад адразу некалькі старшакласнікаў з нашага райцэнтра змагаліся за перамогу ў суперфінале.

Як выступіў у праекце Аляксей Слонскі, можна будзе паглядзець вясной, калі тэелеперадача выйдзе ў эфір.

Алена Масцерава, «РК».

Фота Ніны Якубчык.