Новости
Вадзім Кузміч: «Гуляць у «Што? Дзе? Калі?» можа кожны»
главное
1528 дня(-ей) назад
2
4

Вадзім Кузміч – яркі прадстаўнік інтэлектуальнага руху нашай краіны, арганізатар і вядучы розных турніраў, дзіцячы трэнер, уладальнік крыштальнай савы. У Лагойску ён заснаваў школьны інтэлектуальны клуб «Ad astra», арганізаваў чэмпіянат па «Што? Дзе? Калі?» для дарослых, правёў ужо другі дабрачынны «Калядны турнір», які ў гэтым годзе стаў міжнародным. Працуючы ў сталіцы інжынерам, ён паспявае рабіць жыццё роднага гарадка цікавым і разнастайным. Пра тое, як у яго гэта атрымліваецца, – наша гутарка з маладым ініцыятыўным чалавекам.

– Вадзім Алегавіч, хроніка і геаграфія інтэлектуальных турніраў уражвае. Удзел у іх забірае шмат сіл і часу. Як усё паспець?

– Інтэлектуальныя гульні – гэта такая хвароба, якой жадаеш заразіць іншых. Адзін раз згуляўшы і атрымаўшы задавальненне ад працэсу, хочацца працягваць гэта рабіць пастаянна. На тое, што прыносіць прыемныя моманты табе і астатнім, заўсёды знаходзяцца сілы і час. І калі пасля якога-небудзь мерапрыемства да цябе падыходзяць людзі і кажуць словы ўдзячнасці, то разумееш, што ўсе намаганні былі не дарэмныя.

Сумяшчаць з асноўнай працай і іншымі справамі не заўсёды атрымліваецца. Бывае, што на працягу месяца-двух усе выхадныя заняты гульнямі, турнірамі, насычанымі трэніроўкамі. Так, напрыклад, нядаўна давялося прапусціць юбілей брата, таму што мая дарослая каманда «Заапарк» ездзіла на самы прадстаўнічы дарослы турнір «Славянка» ў Полацк. Зусім крыху не хапіла, каб стаць найлепшай беларускай камандай і паехаць на Чэмпіянат свету ў Ташкент. Затое мы абыгралі каманду Максіма Паташова.

Ідэальна было б знайсці пастаянную добра аплачваемую працу, звязаную з інтэлектуальнымі гульнямі, але гэта даволі праблематычна…

Вы яшчэ пішаце пытанні для турніраў і тэлеклубаў. Адкуль бераце факты? Дзе шукаеце новыя?

– Так, некаторым турнірам дапамагаю з пытаннямі – мне лішняя капейчына не зашкодзіць, да таго ж, гэта вельмі цікава. На тэлебечанне пішу не так часта, як раней. Трэба знаходзіць сапраўды ўнікальныя факты пэўнага фармату, але гэта не значыць, што іх возьмуць у тэлегульню. Вось і крыштальную саву ва Украіне я выйграў з пытаннем, якое не прайшло ў беларускі тэлеклуб. Таму тут не ўгадаеш.

А спецыяльна я іх не вышукваю: проста сустракаю штосьці цікавае і правільна фармулюю. Так, напрыклад, атрымалася з пытаннем пра рэшткі сядзібы Тышкевічаў, знайсці адказ на якое знатакам павінен быў дапамагчы торт «Графскія руіны».

– Калі прыйшла ідэя трэніраваць лагойскіх дзяцей? Па якой методыцы вы з імі працуеце? Якія вынікі вашай працы?

– Трэнерскія методыкі ёсць розныя, але я не фанат тэорыі. З часам у мяне выпрацавалася свая сістэма, якая дазволіла зрабіць школьную каманду з невялікага горада адной з самых моцных у краіне. Трэніраваць захацелася ў 2010-м годзе, калі ўпершыню пабываў у найлепшым месцы для дзяцей-эрудытаў – лагеры Беларускай лігі інтэлектуальных каманд (БЛІК). Пару сезонаў працаваў там трэнерам, у 2014 г. правёў першыя трэніроўкі ў Лагойску, а з 2015 г. штогод у жніўні бяру на працы адпачынак і езджу з нашымі школьнікамі ў лагер.

Калі толькі пачынаў працаваць з дзецьмі, проста хацеў пазнаёміць іх са светам інтэлектуальных гульняў. Але паступова мэта змянілася – нам з вучнямі стала цікава не толькі гуляць, але і перамагаць. Мне захацелася даказаць, што пры моцным жаданні і добрай падрыхтоўцы нават школьнікі са звычайнага райцэнтра могуць стаць чэмпіёнамі краіны.

– Вы з’яўляецеся рэгіянальным прадстаўніком БЛІК па Мінскай вобласці. Што гэта значыць? Якія абавязкі накладае?

– На Міншчыне я курырую і школьнікаў, і дарослых. З маім прыходам узмацніўся дарослы рух. Калі раней у вобласці было 2 – 3 каманды, то зараз у чэмпіянаце ўдзельнічаюць каля сотні. З’явіліся новыя турніры як для дзяцей, так і для дарослых, вырас узровень каманд.

Дарэчы, усе навіны інтэлектуальнага руху ў раёне, вобласці, краіне, гутаркі з трэнерамі і камандамі, актуальныя спасылкі на турніры і рэйтынгі можна знайсці на маім тэлеграм-канале, які сёння з’яўляецца трэцім па папулярнасці ў раздзеле «Гульні і прыкладанні» і мае вялікі ахоп аўдыторыі.  

– Назавіце, калі ласка, галоўныя выпрабаванні, у якіх удзельнічаеце з дзецьмі. Якія стараецеся не прапускаць?

– У нашай краіне галоўным турнірам лічыцца Чэмпіянат Беларусі па «Што? Дзе? Калі?». Мы са школьнай камандай «Вялікі прайгравальнік» ужо станавіліся чэмпіёнамі ва ўзроставай катэгорыі ювеналы (вучні да 9 класа). А ў гэтым годзе маем усе шанцы выйграць сярод юніёраў.

Увогуле, у Беларусі і за мяжой шмат добрых турніраў. Мы стараемся не прапускаць айчынныя, а вось выехаць у іншую краіну бывае праблематычна па фінансавых прычынах. Самы важны турнір для школьнікаў – Чэмпіянат Еўропы, – на шчасце, праходзіць у Гомелі, і для нас гэта не так стратна.

Сярод значных яшчэ трэба адзначыць сінхронны чэмпіянат Беларусі, у якім удзельнічаюць усе каманды краіны, а самыя моцныя адбіраюцца ў фінал. У студзені «Вялікі прайгравальнік» перамог у ім, абышоўшы 450 каманд.

Таксама ганаровым з’яўляецца Вялікі кубак Беларусі. Гэта серыя найбольш якасных і насычаных турніраў у краіне. У яго заліку мы пакуль што на першым месцы.

У верасні вы абвясцілі збор сродкаў для сваіх каманд. Што стала прычынай? Якія вынікі краўдфандынгавай кампаніі?

– Каб добра выступіць на Чэмпіянаце краіны, трэба часта ездзіць і гуляць, а для гэтага неабходныя сродкі. Шмат клубаў пры Палацах моладзі і школах знаходзяць фінансавую падтрымку. У нас жа ў раёне максімум могуць даць транспарт у Жодзіна ці Барысаў на тур Чэмпіянату вобласці, і то калі паперка зверху прыйдзе. Мне ж камандзіроўкі ўвогуле не аплачваюцца. Таму і прыйшла ідэя пра краўдфандынг, на якую адгукнулася вельмі шмат людзей не толькі з Беларусі, але з-за мяжы. Удалося сабраць каля трох тысяч рублёў, і яшчэ тысячу – на дабрачынным «Калядным турніры».

Хочацца падзякаваць Лагойскаму раённаму цэнтру культуры і вольнага часу, які прадастаўляе нам памяшканне і ўсю неабходную апаратуру для правядзення гульняў і турніраў рознага маштабу.

Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра інтэлектуальны рух у Лагойску. Чаго дасягнулі? Што яшчэ хацелася б ажыццявіць? Чыя ідэя «Кубка Тышкевічаў»?

– Пачыналася ўсё з трэніровак на базе СШ № 1 г. Лагойска. Менавіта там падтрымалі маю ідэю з «Кубкам Тышкевічаў» – гэты турнір названы ў гонар людзей, якія зрабілі вельмі шмат для развіцця горада.

З часам я даведаўся, што і некаторым дарослым стала цікава паспрабаваць сябе ў ШДК (гульня «Што? Дзе? Калі?» – аўт.). Але турніраў для іх у райцэнтры не было – так з’явілася думка арганізаваць рэгулярны чэмпіянат Лагойска, які цяпер штомесяц збірае каля 10 дарослых і дзіцячых каманд. У мяне нават мама-пенсіянерка гуляе. 

Хацелася б, каб рух быў больш насычаны, каб удзельнічалі каманды прадпрыемстваў і арганізацый, а мясцовыя ўлады аказвалі падтрымку. Так, напрыклад, у тым жа Слуцку старшыня райвыканкама прысутнічае на кожнай гульні, каманды атрымліваюць добрыя прызы, а жадаючых столькі, што ім цяжка знайсці патрэбную па памеры залу.

Добра было б, каб у кожнай школе былі свае трэнеры, а на Лагойскія гульні не саромеліся прыходзіць як дзеці, так і дарослыя, якія да гэтага не гулялі.

Можа, проста многія баяцца? Думаюць, што інтэлектуальны спорт – для выбраных? Раскажыце, хто ён такі – гулец у «Што? Дзе? Калі?».

– Так, шмат хто думае, што ШДК – гэта для разумнікаў. «Мы простыя людзі, – кажуць яны, – прыйдзем гуляць і зняславімся». Гэта няправільны стэрэатып! Знатаком можа стаць кожны! Я знаёмы з людзьмі, якія ўпершыню паспрабавалі сябе ў ролі гульцоў толькі ў 30 – 40 гадоў і працягваюць гуляць да сённяшняга дня, прычым даволі паспяхова. Таму гулец ШДК – гэта звычайны чалавек. Не трэба ведаць, хто імператар Японіі ці ў якім годзе памёр Людовік ХV, каб добра гуляць. Большасць пытанняў пабудаваны на лагічных хадах з прымяненнем нейкіх культурных ведаў. Інтэлектуальныя гульні – гэта выдатны варыянт правядзення вольнага часу, калі выпрацоўваецца мноства карысных навыкаў: уменне працаваць у камандзе, лагічна мысліць, пашыраць кругагляд, уважліва слухаць і аналізаваць атрыманую інфармацыю, не баяцца выказваць свае ідэі.

– У гэтым годзе вам споўніцца 30 гадоў. За гэты час шмат што атрымалася зрабіць – хай ваша дзейнасць прыносіць плён і далей. А што б вы пажадалі школьнікам, выпускнікам, студэнтам, моладзі горада?

– Не саромецца спрабаваць нешта новае, рабіць усё, каб стаць хоць крышачку лепшым, не спыняцца на дасягнутым, не забываць сваю малую радзіму. Калі кожны прыкладзе намаганне, каб зрабіць штосьці добрае для Лагойска, то мы будзем жыць у цудоўным горадзе!

Гутарыла Алена Масцерава, «РК».

Фота з альбома Вадзіма Кузміча.