Новости
У Чырвоным касцёле прайшла аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў сямейнага руху «Equipes Notre-Dame»
главное
1549 дня(-ей) назад
2
4

На яе з’ехаліся прадстаўнікі з розных куточкаў краіны, у тым ліку 6 сем’яў з Лагойска.

– Сустрэча распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз Ян Саламон, галоўны духоўны дарадчык Паўднёвага сектара сямейнага руху, пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі з Ганцавіч, – расказала лагайчанка Таццяна Бекіш. – Мы маліліся за рух, за яго развіццё, за паглыбленне веры ў сем’ях, за любоў, пашану, узаемапавагу ў іх. А напрыканцы Імшы ўсе сем’і атрымалі благаслаўленне. Затым наступіў вельмі ўзрушлівы момант дзялення аплаткамі паміж сем’ямі і духоўнымі дарадчыкамі. Мы не толькі выказвалі шчырыя пажаданні, але і шляхам выпадковага выбару даведваліся прозвішча сям’і, за якую будзем маліцца ўвесь год.

Потым адбыўся канцэрт-прэзентацыя сем’яў Паўднёвага сектара, падчас якога вернікі з Баранавіч, Ганцавіч, Нясвіжа, Пінска паказалі свае таленты і творчыя дасягненні.

– Мяне вельмі ўразіла наступная частка праграмы – хрысціянскі батл, – падзялілася ўражаннямі яшчэ адна ўдзельніца Алена Яцкевіч. – Падчас яго сем’і, падзеленыя на 10 каманд, адказвалі на пытанні, звязаныя з гісторыяй хрысціянства і каталіцкага касцёла, цікавымі фактамі пра рэлігійнае жыццё. Лягчэй было тым, хто рэгулярна слухае каталіцкае “Радыё Марыя”, дзе тлумачацца многія пытанні, звязаныя з верай. Інтэлектуальная гульня паказала, што нам ёсць куды рухацца, што трэба паглыбляць свае веды, бо свет хрысціянства надзвычай шматгранны.

На працягу ўсяго мерапрыемства з дзецьмі была арганізавана забаўляльная праграма, а ў канцы прыйшоў Святы Мікалай і ўручыў падарункі самым маленькім гасцям, святарам і кожнай суполцы.

Як адзначылі абедзве лагайчанкі, аплаткавае спатканне – гэта не толькі станоўчыя ўражанні і адпачынак. Гэта выдатны спосаб пазнаёміцца з аднадумцамі, сапраўды блізкімі па духу людзьмі, для якіх важна развівацца духоўна.

Алена Масцерава.