Новости
01.05 Новости
Накрываем стол для шасці чалавек
главное
1585 дня(-ей) назад
2
4

Наша сям’я вырашыла, што навагодні стол – гэта не столькі колькасць, колькі якасць, навізна, незвычайнасць і жаданне кожнага. Аднак апытанне маіх 4-х дзяцей і мужа на тэму меню прынесла нечаканыя вынікі. Я атрымала наступныя прапановы наконт навагодніх страў: бананы, мандарыны, апельсіны, ананас, ківі, памэла, гранат, чыпсы, пернікі, “Фанта” і самая галоўная страва – пельмені (Паліна 9 гадоў); марскі кактэйль з кальмарамі і крэветкамі, бульба, запечаная з курыным філе, аліўе, рулеты з лаваша і крабавых палачак, шампіньёны, вараная капуста брокалі, “Кока-кола” (Дзіма, 12 гадоў); цукеркі (Павел, 3 гады); гранатавы сок і што-небудзь смачнае (Даніла, 16 гадоў); вялікі смажаны кавалак мяса, або свініна па-французску, або смажаныя каўбаскі і салат з баклажанаў (муж Юрый, 43 гады).

Я люблю з вышэй пералічанага ўсё, таму вырашыла выбраць штосьці сярэдняе з усіх прадуктаў. Ад сябе дабавіла толькі чырвоную рыбу.

Адразу скажу, што ў магазіне “Хіт” па вул. Савецкай, куды адправілася за пакупкамі тыдзень назад, вялікага выбару садавіны не было. Купіла толькі прыгожыя спелыя гранаты, аддаўшы за іх крыху менш за 2 рублі, і невялікага памеру памэла за 2,50.

Для аліўе набыла банку гароха за 1,19, вараную каўбасу вышэйшага гатунку “Прыма” за 3 рублі і маянэз “Золотая капля” за 1,49. Бульбу, моркву, яйкі не глядзела, бо садавіна ў нас свая, а яйкі перададуць бацькі з вёскі. Агурок у салату дадам марынаваны.

Пры смажанні мяса патрэбен алей, які набыла за 1,79.

Чырвоную рыбу – кавалачкі ласося – ўзяла замарожаную: я без праблем замарыную яе сама з соллю і воцатам. Выйшла каля 3-х рублёў. Амаль столькі ж аддала за сметанковае масла, патрэбнае для бутэрбродаў з ласосем.

Вэнджаныя каўбасы ў нас не ядуць, таму вырашыла пакаштаваць курыны рулет “Праздничный”, 570 грамаў якога прадаюцца ўсяго за 4,89.

Гранатавы сок купіла двух відаў за 1,69.

Грудкі асобна не прадаваліся, таму выбрала кураня, якое заважыла амаль на 8 рублёў.

“Фанта” – 1,55, “Кока-кола” – 1,95, два вялікія пачкі чыпсаў па 2,99, замарожанае брокалі за 1,69, каўбаскі за 6,59, сыр за 2,30.

У выніку за ўсё вышэй пералічанае аддала 49,62. У суму, на першы погляд, уклалася. Да таго ж, пельмені ляжалі ў маразілцы яшчэ да састаўлення меню, марскі кактэйль купіла таксама загадзя ў іншым магазіне, як і літоўскае сухое шампанскае (у “Хіце” яно каштуе каля 10 рублёў). Цукерак таксама хапае: салодкія падарункі ад прафсаюза ўручаюцца на кожны новы год.

Аднак яшчэ трэба будзе дакупіць садавіны, шампіньёнаў, лаваш і крабавыя палачкі, хлеб і батон для бутэрбродаў. Гэта складзе каля 25 рублёў (ва ўсякім разе, я спадзяюся, што выйдзе не больш за гэту суму).

Шчаслівага ўсім і, галоўнае, смачнага Новага года!

Алена МАСЦЕРАВА.