Новости
"Настаўнік года" працуе ў Лагойскай першай школе
главное
1578 дня(-ей) назад
2
4

У Гасцілавіцкім цэнтры культуры прайшоў фінал раённага этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года». Удзел у ім прынялі 8 педагогаў, якія набралі найбольшую колькасць балаў у папярэдніх завочных турах.

Творчую візітоўку і дзесяціхвілінны міні-ўрок ацэньвала журы, у якое ўваходзілі настаўнікі, прадстаўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме, а таксама госці, сярод якіх – дацэнт кафедры Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Сайкоўская.

Настаўніца музыкі Лагойскай гімназіі Кацярына Касьянава прадставіла свой жыццёвы і творчы шлях у выглядзе нотнага стану, суправаджаючы выступленне песнямі і музыкай у выкананні ўласным, а таксама сваіх вучняў і калег.

Географ Алена Бабкевіч з гэтай жа ўстановы адукацыі падарожнічала ў часе ў вобразе Мэры Попінс.

Фізік Уладзімір Новікаў з Плешчаніцкай СШ № 2 пачаў нумар кранальнай песняй, арыгінальна расказаў пра сваё станаўленне ў прафесіі, назваў прынцыпы педагагічнай дзейнасці, якімі кіруецца ўжо 2 з паловай гады, і выказаў надзею на тое, што нашы дзеці будуць лепшыя за нас.

Выхавальніца лагойскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Лясная казка» Валянціна Сяўрук апісала любімую працу ў вершаванай форме пры дапамозе слайдавай прэзентацыі з фотаздымкамі сваіх выхаванцаў.

Настаўніца пачатковых класаў СШ № 1 г. Лагойска Святлана Іванюшына падчас самапрэзентацыі не забыла пра тых людзей, якія ёй дапамагаюць стаць той, якая яна ёсць: дачкой, сястрой, жонкай, мамай, настаўніцай. Яе галоўны прынцып: хочаш запаліць сэрцы іншых – гары сама. А люстэрка, якое яна выкарыстала падчас візітоўкі, стала вобразам душы, што дорыць святло і адлюстроўвае агонь вачэй тых, з кім яна ідзе па жыцці.

Выхавальніца лагойскага дзіцячага садка № 3 «Рамонак» Кацярына Паляднік адзначыла, што толькі шчаслівы педагог можа выхаваць шчаслівых дзяцей. А малады спецыяліст, настаўніца англійскай мовы з Плешчаніцкай СШ № 1 Святлана Парыпа падзялілася афарызмам: ёсць адна прафесія ад Бога, астатнія прафесіі – ад настаўнікаў.

Настаўніца рускай мовы Гасцілавіцкай СШ Марыя Зарэмба ў гумарыстычным відэафільме паказала міфы і факты пра школу, якую назвала жыццём для сапраўднага педагога. Горача падтрымала публіка яе наступнае выказванне: «Усё, што мы даём дзецям, вяртаецца да нас на працягу ўсяго нашага жыцця».

Не менш яркімі былі міні-ўрокі, «вучнямі» на якіх выступілі педагогі. Яны запаміналі песні і танцы, вывучалі геаграфічныя асаблівасці Паўднёвай Амерыкі і правілы ўжывання ўласных і агульных назоўнікаў, на наглядных прыкладах разглядалі розныя фізічныя з’явы, майстравалі з ваты снегавічкоў, прыдумвалі тэмы навукова-даследчых работ і вучыліся адрозніваць праўдзівую інфармацыю ад маны, успаміналі гукі жывёл і правілы здаровага ладу жыцця.  «Вучні» адказна паставіліся да сваіх роляў і вельмі дапамаглі настаўнікам раскрыць мэты і задачы ўрокаў.

Пакуль журы вызначала пераможцаў, дарослых на сцэне змянілі дзеці з прыгожымі песнямі. Цырымонію ўзнагароджвання адкрыла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Галіна Собаль. Яна падзякавала педагогам за тое, што аддаюць сваю душу дзецям, і ўручыла сертыфікаты ўдзельнікаў і падарункі тым, хто змагаўся на папярэдніх этапах.

Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы Ларыса Ерахавец высока ацаніла ўзровень правядзення мерапрыемства, адзначыла творчы патэнцыял і крэатыўнасць настаўнікаў і ўручыла заслужаныя падарункі і дыпломы. Трэцяе месца занялі Святлана Парыпа, Марыя Зарэмба і Алена Бабкевіч, другое – Кацярына Касьянава, Уладзімір Новікаў і Кацярына Паляднік. Першымі ў сваіх намінацыях сталі Валянціна Сяўрук і Святлана Іванюшына, якую на працягу ўсяго конкурсу акрамя калег горача падтрымлівалі мама, муж і дачушкі.

Усяго ў раённым конкурсе ўдзельнічалі 16 чалавек: 11 школьных настаўнікаў і 5 выхавальнікаў. Сярод педагогаў, якія набралі больш за ўсё балаў, будуць выбірацца прэтэндэнты на ўдзел у абласным этапе.

Алена Масцерава.