Новости
У галерэі адкрылася выстава “Зімовыя россыпы”
главное
1586 дня(-ей) назад
2
4

У аўторак у мастацкай галерэі Сяргея Давідовіча адкрылася выстава “Зімовыя россыпы” народнага клуба майстроў “Скарб зямлі лагойскай”.  

Першымі яе наведнікамі сталі першакласнікі СШ № 1 г. Лагойска, якія пазнаёміліся з майстрамі і даведаліся, як вырабляюцца розныя прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, лялькі, упрыгожванні, салодкія падарункі і г. д.

Дзяцей зацікавілі вырабы ганчара Мікалая Стрэльчанкі: посуд, маленькія гліняныя фігуркі.

Мышкі – сімвал наступнага года па усходнім календары.

Ларыса Мітрафанава паказала, як на свет з’яўляюцца фігуркі з гліны і запрасіла школьнікаў у Дом рамёстваў на заняткі народнага дзіцячага калектыву па вырабе глінянай цацкі "Натхненне".

Дзяўчынкі далі імёны палатняным катам Ніны Савельевай – назвалі іх Ружачкай і Лісцікам.

Кацінае царства ад майстра інтэр’ернай лялькі і лялек-абярэгаў.

Самым папулярным вырабам на выставе сталі папяровыя сняжынкі. Майстар-клас па выцінанцы праводзіла Наталля Марцінкевіч, якая з’яўляецца аўтарам вышываных сурвэтак і ручнікоў.

Школьнікам спадабаліся мышкі, навагоднія цацкі і іншыя вязаныя вырабы Вінеты Набздоравай.

 

Добрым падарункам на Новы год могуць стаць карункі Таісіі Дзямідчык, бісерныя ўпрыгожванні Караліны Лашчовай.

Кацярыну Асташэвіч, якая прадставіла на выставу шэраг прадметаў навагодняга інтэр’еру, зацікавілі травяныя зборы, прыправы і араматызаванае мыла Марыны Калініч.

Драўляныя свяцільні Святаслава Няхайчыка заварожваюць цеплынёй і загадкавым малюнкам матэрыялу, з якога зроблены.

Ёлачныя цацкі Артура Бурака, пейзажы Ігара Трушаля, пернікі Святланы Мацецкай, фотазона са старымі  навагоднімі паштоўкамі – гэтыя і шмат іншых цікавостак чакаюць тых, хто завітае на выставу “Зімовыя россыпы”, якая будзе дзейнічаць у мастацкай галерэі Сяргея Давідовіча да 14 студзеня.

 

Алена Масцерава.