Новости
Юныя даследчыкі раёна паказалі свае дасягненні на фестывалі навук
главное
1593 дня(-ей) назад
2
4

У мінулую суботу ў сярэдняй школе № 1 г. Лагойска прайшоў фестываль навук вучняў 1 – 4-х класаў “Я – даследчык”.

На раённую канферэнцыю прыехалі школьнікі з усіх устаноў адукацыі Лагойшчыны, каб паказаць, чаго яны разам са сваімі настаўнікамі дасягнулі, вывучаючы тую ці іншую тэму.

Перад журы стаяла складаная задача: выбраць самыя лепшыя працы, з якімі юныя даследчыкі будуць прадстаўляць наш раён на абласных спаборніцтвах.

У выніку настаўніца пачатковых класаў, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Анжэла Калясень, назвала ў кожнай з чатырох секцый адразу па некалькі аўтараў.

Напрыклад, у секцыі гуманітарных навук Дыпломамі ІІ ступені былі ўзнагароджаны і Сафія Аксючыц з Задор’я, і Ілья Малікаў з СШ № 1 г. Лагойска. Брат Ільі Раман таксама атрымаў Дыплом ІІ ступені за сваю цікавую працу пра чай.

А першымі ў адпаведных намінацыях сталі 4 дзяўчынкі. У секцыі тэхнічных навук перамагла Яніта Раповіч з тэмай пра флейту. У секцыі нежывой прыроды – Мілана Паляковіч з тэмай пра гадзіннікі. Гэтых вучаніц СШ № 1 г. Лагойска рыхтавала настаўніца Святлана Іванюшына.

Першае месца ў секцыі гуманітарных навук заняла вучаніца Плешчаніцкай СШ № 2 Лізавета Вольтар, якая пад кіраўніцтвам педагога Наталлі Васільевай падрыхтавала даследаванне аб доўгажыхарах Плешчаніц. Ганна Дрыгваль з гэтай жа ўстановы адукацыі разам з настаўніцай Аксанай Цішкевіч абышла супернікаў з тэмай “Чай-чай, выручай”.

Пераможцы атрымалі дыпломы, астатнія ўдзельнікі – сертыфікаты, усім дзецям падарылі кнігі. Але галоўная роля фестывалю ў тым, што юныя даследчыкі ўбачылі багатую разнастайнасць тэм і праблем, над якімі можна працаваць, набылі вопыт публічных выступленняў, пазнаёміліся са сваімі аднадумцамі, якім таксама цікава пазнаваць навакольны свет.

Алена Масцерава.