Новости
Майстры рыхтуюцца да выставы “Зімовыя россыпы”
главное
1596 дня(-ей) назад
2
4

Адкрыецца яна 17 снежня ў мастацкай галерэі імя Сяргея Давідовіча ў Лагойску. Чакаецца, што мастацкія творы, зробленыя сваімі рукамі, прадставяць на яе 18 удзельнікаў.

– Усяго ж у клуб майстроў "Скарб зямлі Лагойскай", які дзейнічае з 1995 г., уваходзяць 35 майстроў, – расказала кіраўнік клуба Святлана Жолуд. – Але з іх найбольш актыўныя – 10-12 чалавек, якія ахвотна бяруць удзел у разнастайных выставах, майстар-класах, фестывалях, такіх як “Слуцкія паясы”, “Вясновы букет”, “Ракаўскі фэст”, “Крэва” і іншыя.

Так што ж будзе на выставе? Ганчар Мікалай Стрэльчанка – лаўрэат і пераможца конкурсаў не толькі абласных, рэспубліканскіх, але і міжнародных -- выставіць у галерэі свае гліняныя вырабы. Навінкамі з дрэва здзівіць разьбяр Святаслаў Няхайчык. Розныя вырабы з бісеру прынясе Генадзь Лашчоў. А Святлана Мацецкая прыгатуе імбірныя пернікі.

Вінета Набздорава па-майстэрску вяжа і для выставы падрыхтавала шэраг новых яркіх інтэр’ерных лялек, сярод якіх ёсць мышкі – сімвал наступаючага года па ўсходнім календары.

А вось майстар па вырабе лялькі Ніна Савельева сшыла, наадварот, сімпатычных катоў.

Таісія Дзямідчык працуе ў тэхніцы фрывалітэ – робіць упрыгожанні і прадметы інтэр’ера з карункаў. У дзень адкрыцця выставы яна правядзе майстар-клас па стварэнні “паветранай” прыгажосці.

Майстар па саломапляценні, жанчына, якая шые цудоўныя сукенкі, Кацярына Асташэвіч падрыхтавала шэраг узораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў розных тэхніках.

А метадыст-майстар Дома рамёстваў Наталля Марцінкевіч цудоўна вышывае. Створаныя ёй прыгожыя ўзоры можна будзе ўбачыць на выставе. Зараз умеліца працуе над праектам па стварэнні вышывак, якія імітуюць найпрыгажэйшыя тканыя ўзоры беларускіх посцілак.

Алена МАСЦЕРАВА.