Новости
Фестываль навук прайшоў у лагойскай першай школе
главное
1605 дня(-ей) назад
2
4

У СШ № 1 г. Лагойска кожны год праводзіцца фестываль навук малодшых школьнікаў. Самыя лепшыя работы, прадстаўленыя на яго вучнямі 1 – 4 класаў, адбіраюцца на раённую канферэнцыю юных даследчыкаў.

Сёлета педагагічнае журы ацэньвала 15 тэм, над якімі працавалі дзеці пад кіраўніцтвам настаўніц Святланы Іванюшынай, Святланы Мароз, Алены Ніканюк, Паліны Грыбовіч, Вольгі Федаровіч.

Школьнікі пры дапамозе інфармацыйных крыніц, разнастайных метадаў даследаванняў і вопытаў змаглі адказаць на самыя розныя пытанні. Чаму лісце змяняе афарбоўку і як яго можна выкарыстоўваць у практычных мэтах? Калі з’явіліся духі і ці можна іх зрабіць у хатніх умовах? Якую ролю выконвалі сабакі падчас Вялікай Айчыннай вайны? Якая карысць у крынічнай вадзе? Які гадзіннік самы дакладны і якая гарбата самая якасная? Якія самыя значныя даты ў 155-гадовай гісторыі роднай школы?

Дзеці прымянілі свае веды на практыцы: сабралі дакументальны архіў пра ўдзел у вайне прапрадзеда, знайшлі герояў казак Пушкіна на вуліцах райцэнтра, стварылі мультфільмы пра бяздомных жывёл і вадаёмы Беларусі, аформілі зборнік матэматычных задач з уласнымі ілюстрацыямі, створанымі пры дапамозе камп’ютарных праграм, з пластыкавых бутэлек з вадой змайстравалі музычны інструмент, рэканструіравалі страковую зброю часоў Вялікай Айчыннай вайны і г. д.

Алена Масцерава.