Новости
Лагайчане трапілі на юбілейны канцэрт ансамбля «Харошкі» ў Вялікі тэатр
главное
1612 дня(-ей) назад
2
4

Сваё 45-годзе вядомы каллектыў адзначаў  на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

Трэба сказаць, што пасля рамонту ён стаў яшчэ больш прыгожым і велічным. Класічны стыль афармлення арганічна дапоўнены сучаснымі элементамі. Гэта яскра бачна і ў прасторных холах, і ў глядзельнай зале, і, вядома ж, на сцэне. У той вечар яна зачароўвала прыгажосцю дэкарацый. Вастрыню пачуццяў павялічвалі 3D-эфекты.

Як вядома, калектыў-юбіляр аб’ядноўвае танцавальную і вакальна-інструментальную групы. Яна і адкрыла святочную праграму уверцюрай “Жыццё – гэта вандраванне”, падчас якой гледачы маглі чуць чароўныя гукі не толькі класічных і сучасных музычных інструментаў, але і тых, што перадаюць непаўторны нацыянальны каларыт. Гэта ліра, гудок, жалейка, кмены, акарына. Яны былі сабраны і адноўлены ўпершыню ў Беларусі дзякуючы менавіта “Харошкам”. Нагадаем, што гэтая назва паходзіць ад назвы старажытнай вёсачкі на Магілёўшчыне, дзе напачатку 70-х гадоў мінулага веку быў запісаны першы танец ансамбля “Гусарыкі”, які да гэтага часу застаецца ў іх рэпертуары.

У міні-спектаклі “Купальская сюіта” да музыкаў далучыліся танцоры. Мовай танца артысты таленавіта раскрылі прыгажосць беларускай культуры.

Не паспелі гледачы ўдыхнуць водар народнага свята, як з дапамогай “Полацкага сшытку” апынуліся ў старжытным горадзе. Пад чароўную музыку на сцэне ажылі партрэты знакамітых людзей таго часу. Раскошны прыём гасцей, прыдворны этыкет, змовіны маладых. Любімай забавай князёў лічылася сакалінае паляванне. Пасля яго ў замку ўрачыста пачынаўся святочны вечар. Па тагачаснай традыцыі юнакі маглі ўпершыню ўбачыць сваіх з дзяцінства нарачоных нявест. Вытанчанасцю и далікатнасцю вылучаўся шляхетны вясельны танец.

А пакуль усё гэта адбывалася ў замку, на сярэднявечнай плошчы ішло сваё жыццё. Тут гандлявалі, абменьваліся навінамі, глядзелі на вандроўных акцёраў, пілігрымаў. А яшчэ за сценамі горада ладзіліся народныя гулянні.

“Полацкі сшытак” уразіў не толькі філігранным выкананнем танцаў, але і касцюмамі. Іх, дарэчы, у арсенале калектыву 6 тысяч камплектаў, многія з якіх маюць мастацкую і этнаграфічную каштоўнасць, не аднойчы экспаніраваліся на самых прэстыжных выставах і заўсёды атрымлівалі высокую ацэнку спецыялістаў. Для нас жа, гледачоў, яны не толькі стваралі так званы эфект прысутнасці ў тым часе і месцы, дзе адбываліся падзе, але і радавалі вока.

А закончылі сваё выступленне “Харошкі” беларускай сюітай з трох частак. Гледачы ўзнагароділі юбіляраў шквалам апладысментаў. А гаспадары Вялікага тэатра віншавалі калег па мастацтву сольнымі нумарамі вядучых салістаў балета, “Палавецкімі пляскамі” з оперы “Князь Ігар”, выступленнем сімфанічнага аркестра.

Валянціна КОРЗУН.