Новости
У тыдні літаратуры краін Паўночнай Еўропы прынялі ўдзел маленькія лагайчане
главное
1621 дня(-ей) назад
2
4

Больш за 20 гадоў таму нарадзіўся культурны праект, накіраваны на распаўсюджванне любові да чытання, папулярызацыю скандынаўскай літаратуры, які называецца тыднем літаратуры краін Паўночнай Еўропы. Падчас яго на працягу 7-мі дзён праводзяцца чытанні, тэматычныя выставы, дыскусіі ў школах, бібліятэках і на іншых пляцоўках у такіх краінах, як Швецыя, Данія, Нарвегія, Фінляндыя, Ісландыя, у суседніх з імі рэгіёнах, Прыбалтыцы і нават у Беларусі.

Сёлета мерапрыемствы пачаліся 11 лістапада. Удзел у іх прынялі 63 установы культуры і адукацыі нашай краіны, сярод якіх – Лагойская дзіцячая бібліятэка. Вучні 3-4-х класаў СШ № 3 г. Лагойска трапілі ў сапраўдную вандроўку па старонках паўночных казак. Яе правялі людзі, якія маюць непасрэднае дачыненне да паўночнай культуры.

Прадстаўніца пасольства Швецыі, выкладчыца курсаў «Мова Нанова» Алеся Літвіноўская расказала пра тое, што Беларусь і Швецыя сябруюць, маюць цесныя культурныя ўзаемасувязі, што шмат твораў шведскай літаратуры перакладзена на нашу мову. Яна пасла падарыла бібліятэцы некалькі кніг, надрукаваных зусім нядаўна ў выдавецтве «Koska», – яно якраз спецыялізуецца на выданні шведскай дзіцячай літаратуры па-беларуску. А вучні атрымалі маляўнічыя геаграфічныя карты, з дапамогай якіх можна падрабязней пазнаёміцца са Швецыяй.

Дырэктар мінскага Цэнтра шведскіх даследаванняў Анастасія Майская правяла віктарыну для школьнікаў на тэму гісторыі і літаратуры паўночных краін. Вучні, напрыклад, павінны былі здагадацца, сцягі якіх дзяржаў ім паказваюць, адказаць, як называліся старажытныя скандынавы-заваёўнікі, дзе прыдумалі канструктар «Лега». А потым падарожнічалі разам з Нільсам, які лётаў на дзікіх гусях, успаміналі, як выглядаюць мумі-тролі і хто такі Фіндус з казкі Свэна Нурдквіста. Самыя актыўныя школьнікі атрымалі найцікавейшыя кнігі з казкамі скандынаўскіх аўтараў.  

А яшчэ вучні пабывалі на дні нараджэння вядомай гераіні з казкі Астрыд Ліндгрэн «Пэпі Доўгаяпанчоха». Вобраз казачнай дзяўчынкі перад гледачамі ўвасобіла стваральніца і актрыса тэатра «Лямцавая батлейка» Вераніка Фаміна. Яна не толькі прачытала адпаведны ўрывак з кнігі, але ўручыла лістападаўскім імяніннікам падарункі – паветраныя шарыкі колераў шведскага сцяга. А маленькія жоўта-сінія сцяжкі атрымаў кожны ўдзельнік мерапрыемства.

Напрыканцы яго дзяцей, як на сапраўдным дні нараджэння, чакаў салодкі стол.     

Алена МАСЦЕРАВА.