Новости
«Дэпутат павінен стрымаць свае абяцанні»
Так лічаць выбаршчыкі на вуліцы Мінскай
главное
1619 дня(-ей) назад
2
4

На ўчастку № 5 па вуліцы Мінскай у Лагойску ў спісах выбаршчыкаў значацца 1734 чалавекі. З іх ужо 563 прагаласавалі датэрмінова за папярэднія 3 дні.

Раніцай 15 лістапада, амаль адразу пасля адкрыцця ўчастка, прыйшлі аддаць свае галасы Аляксандр Асаёнак і Віктар Бяляк.

Аляксандр Пятровіч працуе на ВУП «Амкадор – Лагойск» і жыве ў інтэрнаце прадпрыемства, дзе і месціцца ўчастак. У нядзелю ён паедзе да бацькоў у в. Ізбішча, таму знайшоў хвілінку вольнага часу, каб прагаласаваць, што, на яго думку, абавязаны зрабіць кожны грамадзянін.

– Людзям неабходна актыўна ўдзельнічаць у выбарах для развіцця нашай дзяржавы, – сцвярджае Аляксандр Асаёнак. –  Важна, каб адбываліся змены ў лепшы бок, вырашаліся праблемы. Напрыклад, у нашым раёне неабходна палепшыць стан дарог, асабліва ў сельскай мясцовасці. Я спадзяюся, што выбраны намі дэпутат пасадзейнічае гэтаму.

Малады чалавек даведаўся пра кандыдатаў пры дапамозе інфармацыйных стэндаў у інтэрнаце і на працы, слухаў іх выступленні, чытаў праграмы і зрабіў выснову, што дэпутат павінен быць ініцыятыўны, актыўна працаваць над развіццём нашага рэгіёна і выконваць тыя абяцанні, якія даваў падчас выбарчай кампаніі.

Віктар Бяляк вырашыў прагаласаваць датэрмінова, каб «не чакаць чаргі ў нядзелю». Лагайчанін ужо на пенсіі, мае 45 гадоў стажу, значная частка якога звязана з працай ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі.

 Ён з самага пачатку ведаў, за каго прагаласуе, а на пытанне, чаго чакае ад дэпутата, жартоўна адказаў:

– Добра было б, каб пенсію штомесяц дабаўлялі, – і тут жа дадаў: – хоць у мяне яна і так нармальная.

А вось маладым людзям, якія прыйдуць галасаваць, Віктар Гаўрылавіч сур’ёзна пажадаў працаваць і яшчэ раз працаваць, а таксама цаніць тое, што маюць.

Па словах старшыні камісіі Лагойскага выбарчага ўчастка № 5 Віктара Завіленскага, большая частка тых, хто прагаласаваў датэрмінова, – пераважна людзі маладыя і сярэдняга ўзросту, вельмі мабільныя і актыўныя, таму яны загадзя вызваляюць свой час на выхадныя. А для старэйшай часткі насельніцтва выбары па-ранейшаму – як свята, і яны па традыцыі галасуюць у нядзелю.

Стварыць сапраўдны святочны настрой на ўчастку на Мінскай у асноўны дзень галасавання дапаможа фольк-гурт «Zarev» Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў. У выкананні яго ўдзельнікаў 17 лістапада, у 12.00, можна будзе пачуць народныя беларускія спевы.

З падарункамі сустрэнуць тут маладых людзей, якія будуць галасаваць упершыню. Як расказала намеснік старшыні камісіі Ала Міхалёнак, такіх выбаршчыкаў на Мінскай вуліцы 43 чалавекі.

Алена Масцерава. Фота аўтара.