Новости
Стартаваў другі чэмпіянат Лагойска па “Што? Дзе? Калі?”
главное
1661 дня(-ей) назад
2
4

Першы этап чэмпіянату Лагойска па інтэлектуальных гульнях для дарослых каманд прайшоў у пятніцу, 27 верасня, у Лагойскім цэнтры культуры і вольнага часу. У ім удзельнічалі 9 зборных: 5 дарослых, 3 школьныя і адна студэнцкая.

Пачалася барацьба розумаў з разміначнай “Сваёй гульні”, у якой перамаглі студэнты, за што атрымалі салодкі прыз.

А прадоўжылася гульнёй “Што? Дзе? Калі?”, якая складалася з трох тураў па 12 пытанняў у кожным. Падчас іх у верхніх радках турнірнай табліцы апыналіся розныя каманды. Інтрыга ўзмацнілася, калі напрыканцы колькасць правільных адказаў перастала дэманстравацца на экране.

І вось арганізатарар і вядучы чэмпіянату, кіраўнік школьнага інтэлектуальнага клуба “Ad astra” Вадзім Кузміч абвясціў вынікі: трэцяе месца ў “Каманды № 3”, другое – у “Зборнай салянкі” (у складзе якой, дарэчы, уваходзіць і мама арганізатара), першае – у пераможцы чэмпіянату мінулага сезона каманды “Бацькоўскі сход”. Палову яе складаюць бацькі ўдзельнікаў школьнай каманды “Вялікі прайгравальнік” – аднаго з галоўных прэтэндэнтаў на кубак Беларусі ў гэтым годзе.

Спонсарам мерапрыемства другі год запар выступае кампанія “Pizza-Logoysk”, піцы якой з задавальненнем пакаштавалі і пераможцы пятнічнай гульні. 

Дарэчы, у дарослыя каманды ўваходзяць людзі розных узростаў і прафесій, якія не пабаяліся прыйсці летась і працягваюць спаборнічаць сёлета. Напрыклад, зборную “Клиническое замышление” прадстаўляюць урачы з Лагойска.

Па словах удзельнікаў, інтэлектуальныя гульні зацягваюць і прыносяць непараўнальныя пазітыўныя эмоцыі. Наступная сустрэча праз месяц, таму яшчэ ёсць час асмеліцца, запрасіць сваіх знаёмых, сяброў, калег і паўдзельнічаць у другім этапе чэмпіянату Лагойска па “Што? Дзе? Калі?”.

Алена Масцерава.