Новости
Узнагароды атрымліваюць "тысячнікі"
главное
1716 дня(-ей) назад
2
4

Старшыня райвыканкама Аляксандр Ласевіч уручыў узнагароды перадавікам жніва ў Косіне.

–  Падзячны ліст і прэмія -- гэта невялічкая даніна павагі грамадства да вашай працы, -- зазначыў Аляксандр Георгіевіч.

У “Косіне” два вадзіцеля МАЗа – Уладзімір Славінскі і Сяргей Жолуд – маюць на сваім рахунку больш за паўтары тысячы тон перавезенага зерня.

Лепшы жа камбайнер у гаспадарцы -- малады механізатар Максім Кульпекша. Яму ўручылі дадатковы падарунак за кошт сродкаў маладзёжнай палітыкі. Тут  трэба зазначыць, што аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі разам з райкамам БРСМ пільна сочаць за працоўнымі перамогамі моладзі і стымулююць іх каштоўнымі падарункамі. Не шыкоўнымі, але… электрачайнік, блэндар, тостар, іншая мелкая бытавая тэхніка яшчэ нікому ў гаспадарцы не пашкодзілі. Так, на гэтыя мэты на сёлетняе жніво ўжо было затрачана некалькі соцень рублёў.

У той дзень акрамя Максіма Кульпекшы падарункі атрымалі маладыя рупліўцы з ААТ “СНБ-Агра”: камбайнер Аляксандр Шавлюга, памочнік камбайнера Дзяніс Макарэвіч і вадзіцель МАЗа Міхаіл Жылінскі. Узнагароды ім уручылі кіраўнік гаспадаркі і Алена Сяліцкая, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Ірына СТАНКЕВІЧ.

Многія з сёлетніх пераможцаў жніва не першы год знаходзяцца ў ліку лепшых па прафесіі.

-- Гэта таму, што мы з маленства з бацькамі гайкі круцілі, -- заўважыў пры нядаўняй сустрэчы Уладзімір Зелянкоў з ААТ “Харошае”. – А калі гаварыць сур’ёзна, то пра іншую прафесію і не марылі, до добра яе ведалі. Заставалася толькі атрымаць механізатарскае пасведчанне. Як правіла, адбывалася гэта ў Плешчаніцкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Затым была служба ў арміі і вяртанне ў родную гаспадарку. За гады працы паляпшаліся яе ўмовы, мянялася тэхніка. Аднак без рук чалавека, яго адказнасці ўсё роўна не было б нічога.

Гэтыя словы мужчына выказаў падчас таго, як атрымаў ганаровую грамату Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, якую уручыў хлебаробу намеснік яе старшыні Пётр Окунеў.

Дарэчы, такую ж ўзнагароду атрымаў і аднакласнік суразмоўцы Дзмітрый Аксючыц, з якім яны побач завіхаюцца на родных палетках.

Падобная біяграфія і ў  камбайнера-тысячніка з “СНБ-Агра” Уладзіміра Бурковіча. Не падлічыць, колькі збожжа намалаціў ён за гады працы ў сваёй гаспадарцы. Падчас жніва дапамагае бацьку сын Аляксандр. А на адвозцы зерня ад камбайнаў каторы год у Калачах першыство ўтрымліваюць мясцовыя вадзіцелі Міхаіл Жылінскі и Аляксандр Антонаў. Прыемна, што менавіта на Лагойскай зямлі раскрываюць свае прафесійныя здольнасці і тыя, для каго яна стала другой радзімай. У тым жа “СНБ-Агра” два гады працуе механізатарам Аляксандр Шаўлюга з суседняй Віцебскай вобласці і ўвесь гэты час знаходзіцца ў лідарах на самых розных работах. На сёлетнім жніве памочнікам у яго студэнт Беларускага дзяржаўнага агратэхнічнага універсітэта Дзяніс Макарэвіч, які замацоўвае тэарэтычныя веды ў складзе студэнцкага будаўнічага атрада. Усе яны днямі прымалі віншаванні і ўзнагароды райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі і РК БРСМ.

-- Ваганняў пры выбары жыццёвага шляху ў мяне не было, -- патлумачыў яшчэ адзін малады камбайнер Яўген Лукшыц. – Прыкладам з'яўляўся бацька, які мае агранамічную адукацыю і працуе брыгадзірам у нашым СГЦ “Гайна”. Так што пасля школы я накіраваўся на вучобу ў Мар’інагорскі сельскагаспадарчы каледж. Узначальваю трактарную брыгаду, а ўлетку вось ужо дзевяты сезон убіраю хлеб.

Валянціна КОРЗУН.