Новости
"Мая малая радзіма": конкурсныя работы
главное
1857 дня(-ей) назад
2
4

Мая малая радзіма. Мая — таму што я тут нарадзілася. Малая – бо гэта часцінка з сотні тысяч часцінак нашай  роднай любай Беларусі.

Я нарадзілася і вырасла ў прыгожай мясціне – у в. Вішнёўка Мінскага р-на.

Хоць побач была сталіца Беларусі, але душа мая адданая вёсцы. Амаль усе канікулы я праводзіла ў сваёй роднай цёткі Ядзі, якой, на жаль, ужо няма з намі: пайшла з жыцця шмат гадоў таму, як і мая матуля. Цётка жыла ў вёсцы Дамашы Лагойскага раёна, туды я і ездзіла. Як прыемна было паспаць на духмяным сене на сенавале, папіць ранкам свежага малачка-сырадою. Многія зараз мабыць і не ведаюць, што гэта такое…

Але галоўнае, дзеля чаго я ехала да цёткі, – гэта былі коні, мая любоў на ўсё жыццё. Як было хвацка праехаць на кані без сядла і аброці галопам або рыссю, калі дазвалялі дарослыя, адагнаць жывёлу на пашу пасля працоўнага дня. Таму, калі скончыла школу, у мяне не было вагання, куды пайсці – у сельскую гаспадарку. Атрымала спецыяльнасць агранома і  накірунак на працу ў Лагойскі раён у саўгас “Гайна”. Тут я выйшла замуж, тут нарадзіліся мае дзеткі.

Гайна

Такая вёска ёсць на рэчцы Гайне,

Дзе водзіцца шмат рыбы і баброў.

Бабры зубамі, бы пілой, тут валяць дрэвы.

Хаціны іх стаяць, як сцірты дроў.

 

Тут людзі працавітыя і  ўсюды,

Куды ні глянь — прыгожыя сады.

Шмат кветак мае кожны агародчык,

А кожны дом – людское дабраты.

 

Нядоўга тут жыла і працавала,

Але сустрэла добрых шмат людзей:

І Вера, й Галя, і Святлана,

І Віцька паміж іх, як дабрадзей.

 

Тут конь Малыш і матацыкл «мінскі»,

Машыны «ЗІЛ», і « ГАЗік», і «УАЗ»,

І трактары — асвоіла ўсё я,

Хаця правоў не маю «першы клас»…

 

Цяпер, здаля, па-іншаму мне бачна

Маё жыццё, жыццё маіх сяброў.

І вёска Гайна над ракою Гайнай,

Што праз гады мяне ўсё кліча зноў!

Хоць нарадзілася я не на  Лагойшчыне, але ўспаміны дзяцінства, пражытае заўжды будуць у маёй памяці.Тут прайшла мая маладосць, тут сустрэла шмат сяброў і сябровак. Тут засталася часцінка маёй душы.

Зараз жыву ў Лідзе, недалёка ад мясцовага замка, і вельмі гэтым ганаруся. Гэта горад са сваёй шматвяковай гісторыяй, у якім жывуць і працуюць таксама таленавітыя, добрыя і адкрытыя людзі.

За сваё жыццё шмат дзе пабывала, пабачыла розныя краіны, але хачу сказаць, што наша Беларусь — самая прыгожая, самая жаданая сэрцу, таму што тут мы нарадзіліся, тут нашы карані. Тут ёсць і працягвае жыць мая, хай і малая, у параўнанні з вялікай краінай – радзіма.

Людміла Краснадубская.