Новости
Літаратурнае аб’яднанне “Рунь” запрашае ў госці
главное
1886 дня(-ей) назад
2
4

Шмат гадоў пры лагойскай гарадской бібліятэцы дзейнічае літаратурнае аб’яднанне “Рунь”. У розны час яго наведвалі людзі розных прафесій, узросту і поглядаў на жыццё, але ўсіх іх аб’ядноўвала адно – любоў да літаратуры. Да сённяшняга дня захавалася добрая традыцыя: раз на месяц па чацвяргах збірацца ў чытальнай зале бібліятэкі, расказваць пра творы, якія закранулі, абмяркоўваць тое, што хвалюе, чытаць свае вершы ці прозу.
Сёння аб’яднанне ўзначальвае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Лагойскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Глушакова, дапамагае ёй паэт, журналіст Алена Масцерава, а поўны склад налічвае сямнаццаць чалавек, сярод якіх вядомыя далёка за межамі Лагойшчыны людзі: Віктар Несцяровіч, Мікола Ляшчун, Галіна Мароз, Ганна Прыёмка і інш. Творы сяброў “Руні” друкуюцца ў раённай газеце, рэспубліканскіх выданнях, некаторыя аўтары маюць зборнікі ўласных твораў.
Даволі часта “Рунь” удзельнічае ў мерапрыемствах і сустрэчах з вядомымі пісьменнікамі, якія наведваюць раён, і ладзіць свае невялікія імпрэзы, арганізуе візіты ў школы. А яшчэ шукае і запрашае на свае паседжанні людзей, якія таксама неабыякавыя да мастацкага слова: тых, хто піша, чытае, мае свой погляд на рэчы і падзеі. Кожны, каго зацікавіла гэта інфармацыя, можа звярнуцца ў бібліятэку за падрабязнай інфармацыяй і стаць адным з сябраў творчага руху.

Падчас віншавання Віктара Несцяровіча з юбілеем.

Наталля Савіцкая, Надзея Мядзелец, Вольга Вярбіцкая, Алена Масцерава ў літаратурным музеі СШ № 1 г. Лагойска.

Самая юная ўдзельніца літаб'яднання Яна Стош.

Таццяна Крэнь.
Фота прадастаўлена Лагойскай цэнтральнай раённай бібліятэкай і Аляксандра Клімаўца.