Новости
Полацк – горад паэтычны. Разважанні напярэдадні Дня памяці Еўфрасінні Полацкай
главное
1052 дня(-ей) назад
2
4

Апошні раз была ў Полацку больш за 20 гадоў таму. І калі ўзнікла магчымасць паехаць туды зноў з 4 «Д» класам, які скончыла дачка, была рада ўспомніць свае ўражанні ад ранейшага наведвання самага старажытнага горада Беларусі. Цікава, што кожнае месца, у якім мы пабывалі з вучнямі і настаўнікамі СШ № 1 г. Лагойска, асацыіруецца з вершамі.

У першую чаргу – з паэзіяй Уладзіміра Караткевіча.

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе

Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя

вежы

і вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…

І сапраўды, заязджаючы ў горад па мосце, бачыш белы сабор, які ўзвышаецца белым караблём, белай птушкай над цудоўнай Заходняй Дзвіной. Гэта адна з самых вялікіх рэк Беларусі, якая нясе свае воды ў Балтыйскае мора. А Сафійскі сабор – унікальны храм, адзін з самых старажытных на ўсходне-славянскіх землях і першы каменны на тэрыторыі Беларусі. 

Ён быў пабудаваны па загадзе полацкага князя Усяслава Чарадзея ў ХІ ст. З таго часу засталіся элементы кладкі, падмурак, часткі сцен і фрэскі. Шмат перажыў будынак – пажары, разбурэнне ў 1710 г., калі выбухнуў порах, які тут захоўваўся. У сярэдзіне ХVIII ст. храм перабудаваны ў стылі віленскага барока, а ў сучасным будынку знаходзіцца макет старажытнага храма.    

Сёння Сафійскі сабор – адзін з буйнейшых культурных цэнтраў Беларусі, з 1985 г. тут гучыць арган. І толькі ў дзень памяці Еўфрасінні Полацкай 5 чэрвеня ў храме праводзяцца набажэнствы.    

Нібы малітва, праз жыццё дарога

твая

не зарасце палын-травою,

А стане вечным крыжам

Еўфрасінні,

Які шукаць, губляць, ізноў

знаходзіць

Нам на зямлі, якую не пакіне

Ніколі Бог, бо ён жыве ў народзе,

Як ты жывеш у нашае Айчыне.

Словы з «Балады Еўфрасінні Полацкай» Віктара Шніпа ўспамінаеш, калі апынаешся на тэрыторыі Полацкага манастырскага комплексу. Усмешлівая манахіня з такой дабрынёй звярталася да гасцей з Лагойска, што мы адчувалі тут сябе, як дома.

Спаса-Еўфрасіннеўская царква, якая зараз рэстаўруецца, сустрэла турыстаў таямнічай цьмянасцю і прахалодай – быццам далёкія стагоддзі стаіліся тут, а сцены дыхаюць вечнасцю. У гэтай царкве не хочацца гаварыць – а толькі разглядаць каменныя сцены ў цішы і маліцца.

Храм пабудаваны ў ХІІ ст. за 30 дзён полацкім дойлідам Іаанам па просьбе Еўфрасінні Полацкай, унучкі Усяслава Чарадзея, якую называюць заступніцай Беларусі. Хочацца верыць, што ўдасца захаваць яго сцены для будучых пакаленняў, бо гэта сапраўды святое месца нашай краіны, кропка сілы і сведка яе шматпакутнай гісторыі.

Кожны аб’ект манастырскага комплексу па-свойму цікавы. Тут можна адпачыць душой, набрацца духоўных сіл, пакланіцца машчам святой, да якой і сёння ўзносяць свае малітвы беларусы.

Марыў калісьці славуты Скарына,

«Ціснучы» кнігі на мове бацькоў,

Простаму люду ў роднай краіне

Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.

Ніл Гілевіч і шмат іншых паэтаў прысвяцілі свае творы славутаму першадрукару Францыску Скарыну. Гэта ж трэба, каб менавіта ў Полацку ў сям’і купца нарадзіўся чалавек, які выдаў першую друкаваную кнігу на старабеларускай мове щ 1517 годзе! Музей кнігадрукавання ў Полацку расказвае пра шлях першадрукара і яго паслядоўнікаў, пра тое, як да сучасных беларусаў дайшла кніга.

Францішак Скарына

Полацк поўны саборным звонам.

Душы поўніць нябесным страхам.

Ад Сафійкі плывуць іконы,

Люд на неба глядзіць у жаху.

Хтось спяшаўся грахі замольваць,

Хтось зграшыць напаслед крыху…

А ўгары на вачах паволі

Сонца тухла на паўшляху.

Цэлы горад схіліў калені,

Калі голас пачуўся Твой…

Ты з’явіўся ў пару зацьмення,

Каб народ асвяціць сабой.

Эдуард Акулін.

***

Можна яшчэ шмат расказваць пра горад, які першы раз упамінаецца ў летапісе ў 862 годзе. Можна шмат узгадваць вершаў пра яго. Аднак кожны пацвердзіць, што пабываць тут – сапраўднае свята для душы. Тут адчуваеш гонар за тое, што мы жывём у краіне з такой багатай гісторыяй, дзе шмат такіх прыгожых гарадоў, дзе нарадзілася столькі таленавітых землякоў!

Алена Масцерава.