Не раз я чуў пра музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам. Неглядзечы на тое што ён адносна недалёка ад нас, пабываць там не выходзіла. Але ў сярэдзіне кастрычніка пярвічная прафсаюзная арганізацыя Лагойскага дома рамёстваў арганізавала паездку ў гэтае аўтэнтычнае месца.
У цудоўным музеі пад адкрытым небам нас сустрэў экскурсавод Вадзім Баранаў. Забегаючы наперад, параю ўсім наведваць гэтае месца толькі з экскурсіяй або аўдыёгідам, які можна набыць у пакоі адміністрацыі.
Вадзім паведаміў, што экспазіцыя падзелена на тры асноўныя часткі – гэта архітэктура і побыт жыхароў Цэнтральнай Беларусі, Падняпроўя і Паазер’я. Адметна тое, што ўсе пабудовы не ўзводзіліся спецыяльна для музея, а ў свой час былі звезены сюды з розных куткоў краіны. Яны дазваляюць, бы на машыне часу, здзейсніць падарожжа па сапраўднай старадаўняй вёсцы.
У сектары, прысвечаным Цэнтральнай Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, першай пабудовай на нашым шляху стала гумно. Тут знайшлі прытулак розныя сячкарні, якія выкарыстоўваліся для наразання саломы. Ёсць і экспанат падобнага механізма, які прыводзіўся ў рух конскай цягай. А колькі ў гумне сабрана розных драўляных шуфлёў ды грабель!
Не менш значнай пабудовай быў свіран, куды пасля апрацоўкі ў гумне звозілі зерне. Вадзім адразу звярнуў увагу на яго дах, зроблены з чароту. Аказваецца, гэты матэрыял з’яўляецца вогнетрывалым, бо расце на вадзе і служыць даўжэй, чым салома – 70-80 гадоў.
Недалёrf ад свірана ў вёсцы-музеі размясцілася народнае вучылішча. Ад астатніх пабудоў яго адрознівае ганак з навесам. Апынуўшыся ўнутры, мы ўбачылі старадаўнія драўляныя парты, грубку, керасінавыя лампы, гадзіннік з маятнікам, спецыяльныя дошчачкі для пісьма, славянскую азбуку і іншыя прадметы – усё гэта было ў класе, у адным будынку з якім размясціўся жылы пакой настаўніка. Дарэчы, тады настаўнік быў настолькі паважаным чалавекам, што яму дапамагала пакаёўка, якая гатавала ежу і сачыла за парадкам.
Цэнтральным і самым прыгожым, на мой погляд, будынкам-экспанатам у Азярцы з’яўляецца царква. Падыходзячы да яе, я ўспомніў савецкі фільм «Вій». Храм выкананы ў стылі барока і належыў уніятам. Сюды будынак царквы трапіў з вёскі Логнавічы Клецкага раёна.
Не менш цікава было знаёміцца з сялянскім бытам падчас экскурсіі па хатах.
Тады асноўным матэрыялам для будаўніцтва служыла сасна, але першы вянец, слупы і дзвярныя праёмы рабілі з дубу. Лес для будоўлі, як правіла, нарыхтоўвалі ў канцы зімы. Вокны і дзверы ладзілі маленькімі, каб у халады ў хаце лепш захоўвалася цяпло.
Скончылася наша падарожжа ў мінулае каля кузні, у якой шмат прылад працы, вырабленых з жалезнай руды.
...Неабавязкова ехаць за мяжу, каб пабачыць нешта цікавае. Вельмі часта яно зусім побач, трэба толькі захацець убачыць.