Новости
Застацца сабой у краіне фэйкаў
главное
1456 дня(-ей) назад
2
4

Прыемнай для мяне стала навіна пра выхад новага альбома гурта «Haina», салістам якога з’яўляецца Ілья Паплёўка, народжаны на Лагойшчыне. З самага пачатку заснавання інструментальнага трыа сачу за творчасцю яго ўдзельнікаў і ў апошні час была крыху ўстрывожана адсутнасцю новых песень, канцэртаў, выступленняў. Але трывогі аказаліся марнымі, таму што музыканты ў гэты час засяроджана працавалі над новым альбомам «Фэйкі», другім у сваёй кар’еры.

У сакавіку «Haina» прэзентавала альбом, які можна паслухаць і набыць на шэрагу актуальных платформаў і сервісаў, у сацыяльных сетках гурта.

Шчыра кажучы, першы раз уключыла новыя песні, калі мне вельмі балела галава. Моцны пульсуючы боль нечакана зліўся з тактамі баяна, скрыпкі, барабанаў, я заснула пад музыку і прачнулася толькі падчас апошняй кампазіцыі. Без болю ў галаве!

Другі раз звярнулася да альбома познім вечарам, калі дзеці спалі, за зачыненымі дзвярамі кухні панавала цішыня, а на пліце павольна грэўся бярозавы сок для нарыхтоўкі на зіму. Такая атмасфера не давала слухаць музыку на поўную гучнасць, але дазваляла смакаваць кожную мелодыю, разважаць над глыбокім сэнсам кожнай кампазіцыі.

Песня «Фэйкі» наводзіць на такія думкі: мы можам быць разам у інтэрнэце, мець фрэндаў у сацсетках і пры гэтым адчуваць сябе адзінокімі, хавацца пад маскамі-аватаркамі, ад якіх застаюцца цені фэйкаў. Гэта кампазіцыя з’яўляецца надзвычай рэзкім пачаткам, у ёй трывога не затоеная, а проста крычыць.

Тэма віртуальнай рэальнасці працягваецца ў песні «Бэйба». У ёй мы бачым дзяўчыну, якая толькі і робіць, што фатаграфуецца для інстаграма. Тут мала слоў, але лірычны герой праз музыку быццам бы гаворыць наступнае: дзе ты, тая сапраўдная, якую я пакахаў? У чым твая сутнасць? Можа, ты проста прыгожая, але пустая абалонка? Азірніся на васількі, якія павінны вярнуць цябе да рэальнага жыцця, дзе мы будзем удваіх. Музыка адначасова дае надзею і засяляе сэрца трывогай – яно б’ецца ўсё хутчэй са скрыпкай і барабанамі.

Тэма «Джэкпот» гаворыць пра таго, хто жыве ў марных спадзяваннях і не заўважае, што галоўнае багацце тут, побач з ім. Калі герой зразумеў, што яму сапраўды патрэбна ў жыцці, ён здзіўляецца, адкуль такая мітусня ў думках, такі эмацыйны накал? Трэба прайсці праз душэўныя пакуты, каб усвядоміць: «Маё паветра тут, дзе дыхаць лягчэй».

У кожнага сваё шчасце, свая мэта ў жыцці. Але як мы дасягаем поспеху? Адказ просты: вучымся на ўласных памылках, якія потым разбіраем усё жыццё. Аб гэтым – у песні  «Даганялкі».

А вось кампазіцыя «Ты» пачынаецца толькі з мелодыі, быццам у галоўнага героя няма слоў, каб выказаць свае пачуцці. Традыцыйны вобраз усіх закаханых – дзве зоркі на небе. Аднак глыбокія пачуцці выказваюцца не ціхім меладызмам, а наструненымі эмоцыямі, якія трапляюць прама ў сэрца. І верыш выснове гэтай песні: “Пакуль кахаеш – будзеш жыць!”

Дыялектыка – як жа без яе. Наша жыцце – гэта дзве рэчаіснасці, сцвярджае герой песні «Турмa». Як жыць без каханай побач? Яна становіцца турмой, якая забірае ўсе думкі. А можа, хлопец проста не хоча пазбавіцца сваёй тугі, і яму падабаецца за кратамі пачуццяў?

«Я б уцякаў» – ціхі роздум, які быццам кажа: запаволь свой крок, азірніся…

А песня «Паміж намі» – гэта зноў эмацыйны выбух. З якімі пачуццямі чалавек можа сказаць: «Ты для мяне ніхто»? Чуецца злосць, адчуванне сваёй слушнасці і адначасова разуменне, што нешта страчваеш назаўсёды, калі адрываеш кавалак аджыўшага кахання ад сваёй душы.

Яркай кропкай стала песня «Вясна», пад якую я закатвала апошнія слоікі бярозавіку. Калі буду наталяць ім сваю смагу, абавязкова буду ўспамінаць, як музыка «Haina» наталяе маю душу… 

Алена Масцерава, «РК».