Новости
Рэцэпты на Велікодны стол ад Алены Масцеравай
главное
1471 дня(-ей) назад
2
4

Свініна ў кісла-салодкім соусе з ананасамі

Свініна (філе) – 500 г, кансерваваныя ананасы – 300 г, соевы соус – 100 мл, мука пшанічная вышэйшага гатунку – 1 ст. л., крухмал – 1 ст. л., таматная паста (або кетчуп) – 4 ст. л., воцат 9 % – 2 ч. л., цукар – 40 г, зеляніна, соль- перац (на смак), алей – 3-4 ст. л.

Мяса прамываем, ачышчаем ад плёнак і тлушчу, наразаем невялікімі кавалачкамі (прыкладна 2 на 2 см). Пасыпаем парэзанае мяса мукой, крухмалам, заліваем соевым соусам і добра перамешваем. Марынад павінен быць падобны да густой смятаны. Марынуем 10 – 15 хвілін.

Банку з ананасамі адчыняем, прамываем іх у друшляку халоднай вадой, наразаем кубікамі прыкладна таго ж памеру, што і мяса, абсмажваем на змазанай алеем патэльні на моцным агні на працягу 2 – 3 хвілін, дастаём, даём алею сцячы, а на гэтай жа патэльні абсмажваем мяса.

Таматную пасту, воцат і цукар змешваем у місцы, выліваем атрыманы соус на патэльню да мяса, туды ж выкладваем ананасы, соль і перац, усё добра перамешваем і тушым 15 – 20 хвілін. Калі вадкасці пры тушэнні мала, дадаём сіроп з-пад ананасаў. Гатовую свініну выкладваем на талерку, пасыпаем зелянінай.

Пры абсмажванні ананасаў можна дадаць салодкі перац, пры падачы на стол – кунжут. Гэты ж рэцэпт выдатна падыходзіць і для курынага мяса. 

 

Курыныя грудкі з начынкай

Курынае філе – 2 шт., цыбуля рэпчатая – 1 шт., тварог – 100 г, сыр – 50 г, аліўкі – 50 г, каперсы – 1 ст. л., лімонны сок – 2 ч. л., чорны перац, соль – на смак.

Цыбулю нашаткаваць, філе добра пасаліць і паперчыць, паліць сокам палавінкі лімона, змяшаць з цыбуляй і пакінуць марынавацца на ноч. Для начынкі змяшаць тварог, нацёрты сыр, каперсы, аліўкі, нарэзаныя кружочкамі, і цыбулю, з якой марынавалася мяса.

Палавінку грудкі разрэзаць уздоўж (не да канца), у сярэдзіну палажыць начынку, скалоць краі зубачысткамі. На патэльні разагрэць алей і абсмажыць грудкі з двух бакоў да залацістай скарынкі, палажыць у форму для запякання і адправіць у духоўку, разагрэтую да 200 градусаў, на 30 – 40 хвілін.

 

Рулет са скумбрыі з гароднінай

Скумбрыя свежамарожаная – 2 шт., морква – 1 шт., цыбуля рэпчатая – 1 шт., перац салодкі – 1 шт., лімон – 1 шт., свежая пятрушка, соевы соус – 2 ст л., алей – 2 – 3 ст. л., соль – на смак.

Скумбрыю разразаем уздоўж па спінцы, пакідаючы брушка цэлым, вычышчаем, выдаляем косці і хрыбет. Філе спырскваем лімонным сокам і соевым соусам, пакідаем марынавацца. Наразаем дробнымі кубікамі цыбулю, салодкі перац, націраем на буйной тарцы моркву. Абсмажваем гародніну на алеі, солім, дадаём зеляніну, выкладваем на замарынаванае філе скумбрыі, якую згортваем у выглядзе рулета. Рулет пераносім на складзеную ў 2 слаі фольгу, змазаную алеем, шчыльна скручваем і ставім у духоўку на 40 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў. Пасля запякання даём рулету астыць і ставім у халадзільнік на 3-4 гадзіны. Халодную страву наразаем на кавалкі і падаём на стол.

 

Салат па-каралеўску

Крабавыя палачкі – 7 шт.. апельсін – 1 шт., яйкі – 4 шт., часнок – 1 зубчык, кукуруза кансерваваная – 100 г, маянэз – 100-150 г.

Крабавыя палачкі размарозіць, разрэзаць уздоўж на невялікія лустачкі, часнок здрабніць, яйкі нарэзаць дробнымі кубікамі, апельсін разабраць на долькі, кожную з якіх абчысціць ад плевак, затым нарэзаць. Падрыхтаваныя прадукты акуратна перамяшаць з маянэзам.

 

Пячэнне “Гусіныя лапкі”

Тварог – 500 г, яйкі курыныя – 2 шт., масла сметанковае – 250 г, мука пшанічная – 500 г, цукар – 150-250 г, сода – 1 ч. л., воцат ці лімонны сок – для пагашэння соды.

Халоднае масла нацерці на буйной тарцы ці пасекчы нажом, увесці 2/3 прасеянай мукі, перацерці лыжкай, а потым рукамі. Тварог размяць відэльцам, дадаць яйкі і соду, пагашаную воцатам, перамяшаць. Змяшаць тварожную масу з маслянымі крошкамі, дадаць муку, якая засталася (можна не ўсю). Замясіць тварожнае цеста, палажыць у пакет і змясціць у халадзільнік не менш чым на гадзіну.

Раскатаць цеста у пласт таўшчынёй 1 см, выразаць кружочкі. Адзін бок кружочкаў абсыпаць цукрам і скласці напалам, каб цукар быў знутры. Затым зноў адзін бок абсыпаць цукрам і скласці напалам. Потым – верхні бок  яшчэ раз абсыпаць цукрам і зрабіць на ім відэльцам узор. Выпякаць у нагрэтай да 180 градусаў духоўцы 20 - 25 хвілін цукровым бокам уверх.