Новости
Дзень роднай мовы ў Вялікім тэатры
главное
1528 дня(-ей) назад
2
4

Фэйсбук даслаў напамін, што 6 гадоў назад 18 лютага мы з мужам глядзелі спектакль у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Не памятаю, што была за пастаноўка, але яна дакладна прысвячалася Міжнароднаму Дню роднай мовы.

І вось зноў 18 лютага мы апынуліся ў тэатры! Толькі не ў Купалаўскім, а ў Вялікім тэатры оперы і балета. У яго рэпертуары ёсць адзіная опера на беларускай мове – «Сівая легенда» паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Лібрэта да яе напісаў сам аўтар, а музыку – народны артыст Беларусі Дзмітрый Смольскі.

У аснове сюжэта ляжыць трагічная гісторыя кахання. Падзеі адбываюцца на Магілёўшчыне ў пачатку ХVII стагоддзя. Дваранін Раман Ракутовіч палюбіў прыгонную дзяўчыну Ірыну. Але феадал Кізгайла, якому яна належыць, па просьбе жонкі Любкі, таемна закаханай у Рамана, адмаўляецца выдаваць яе замуж. Ракутовіч уздымае сялян на паўстанне, выкліканае не толькі крыўдай і прагай помсты, але і пратэстам супраць сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту.

У паядынку Раман забівае Кізгайлу, а затым накіроўваецца ў Магілёў вызваляць каханую, якую Любка адправіла ў турму. Раман прайграў бітву, быў узяты ў палон, яму павінны былі адсекчы рукі, каб ніколі больш не змог узняць зброю супраць магнатаў. І Любка прыйшла да Ірыны ўгаворваць яе адмовіцца ад Рамана, іначай дзяўчыну аслепяць. Ірына не стала здрадніцай, і на плошчы перад усім народам яе і Рамана пакаралі. Аднак калецтва не забіла каханне, якое стала светлай легендай…

Дзеянняў на сцэне было мала, але навошта яны, калі гучалі чароўныя спевы ў выкананні Анастасіі Масквіной, якая выконвала ролю Ірыны, Уладзіміра Громава (Кізгайла), Алега Мельніква (найміт) і іншых. Вельмі ўразіла харавое гучанне падчас сцэны павешання сялян.

На оперу мы ўпершыню ўзялі дзяцей, хоць спектакль меў пазнаку «16+». Але тут не было нейкіх шакуючых сцэн, момант эратычнага спаткання Кізгайлы і Любкі ў ложку быў абыграны вельмі прыгожа і тактоўна. Нашы дзеці загадзя ведалі сюжэт, хаця, прызнацца, 9-гадовая дачка вельмі чакала фінальнай сцэны пакарання і была крыху расчараваная ёй, бо «кроў пасля адсякання рук не цякла ручаямі». Калі яны не разбіралі на слых слоў герояў, то ім дапамагалі зразумець сэнс пачутага цітры на рускай і англійскай мовах, якія трансляваліся на пярэднім краі сцэны.

Але ў цэлым і дзецям, і нам опера спадабалася: захапляльны сюжэт, арганічнае спалучэнне музыкі і слоў, шыкоўнае аркестравае выкананне. Дарэчы, дырыжорам выступіў уладальнік медаля Францыска Скарыны Алег Лясун.

Але гэты вечар запомніўся не толькі геніяльным творам Уладзіміра Караткевіча. Перад спектаклем у Камернай зале Александроўскай прайшла цудоўная імпрэза, прысвечаная Дню роднай мовы. Пачалася яна выступленнем галоўнай гераіні оперы Анастасіі Масквіной, якая ў сцэнічным касцюме Ірыны прачытала верш Максіма Багдановіча «Раяль цалуе тонкая рука…» і выканала шчымлівую песню «Не шукай ты мяне».

Паэт Андрэй Хадановіч прачытаў свае пераклады з Міцкевіча, Кульбака і ўласную фантазію на тэму «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Дзівосна прагучала «Залатая рыбка» Станіслава Манюшкі ў выкананні салісткі оперы Ірыны Кучынскай пад фартэпіянны акампанемент Паліны Задрэйкі.

Тэлевядучая Святлана Бароўская прачытала казку  «Стары бацька» і не стрымала слёз, прызнаючыся, што выбрала гэту казку, бо яе бацька таксама стары і хворы…

А карэспандэнт «АНТ» Аляксандр Мацяс так хваляваўся, што скорагаворкай прачытаў верш «Зорка Венера», напісаны «суседам» опернага тэатра Максімам Багдановічам. Але ён зрабіў цудоўны тэлерэпартаж пра падзею ў тэатры.

Да дрыжыкаў успрымаліся вершы актрысы, салісткі гурта «NAKA» Анастасіі Шпакоўскай, якая сказала: «Мова – гэта наша душа, наша соль».

Кранальныя вершы прачыталі дзеці – пераможцы праекта «Чытаем разам». А завяршыў імпрэзу малады чалавек, які агучыў уласны верш пра каханне і, стаўшы на калена, дастаўшы каробачку з пярсцёнкам, зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне выйсці за яго замуж. У адказ прагучала: «Так!»

Гэта быў вельмі кранальны момант, які разам з іншымі падзеямі ў тэатры сімвалізаваў перамогу кахання, любоў да роднай мовы, да роднай культуры.

А для нашай сям’і, якой складана сабрацца разам у звычайныя дні, гэты вечар стаў, да таго ж, нагодай для агульнага фота ў прыгожым інтэр’еры Вялікага тэатра.

Алена Масцерава, «РК».