Лагічна было б меркаваць, што мультфільмы на беларускай мове можна паглядзець менавіта на беларускім тэлебачанні.
Што ж, адчыняем праграму тэлеперадач на бягучы тыдзень і бачым: «Беларусь 1» – адны навіны, расійскія серыялы і меладрамы, толькі дзве праграмы за тыдзень з назвамі па-беларуску. «Беларусь 2» – зноў шматлікія фільмы, рэаліці-шоу, але ёсць і замежныя мультсерыялы «Чарапашкі Ніндзя», «Цімон і Пумба» – ужо добра, але агучаныя яны па-руску.
Сярод астатніх каналаў Белдзяржтэлерадыёкампаніі толькі ў праграме «Беларусь 3» ёсць цікавыя беларускамоўныя перадачы як для дарослых, так і для дзяцей. Напрыклад, па буднях а 7-й транслюецца ранішняя забаўляльна-пазнавальная праграма для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў «Дабраранак», у якой казачныя зайчыкі Кася, Лесік, Ясік, мядзведзік Топа абмяркоўваюць на роднай мове розныя тэмы, выконваюць цікавыя заданні. А вечарам для самых маленькіх гледачоў тут гучыць «Калыханка». На 8 канале кожны вечар можна паглядзець дзіцячую праграму «Вечарніца» з пяшчотнай калыханкай.
Але мульцікі ў гэтых трох беларускамоўных перадачах, на жаль, на рускай мове…
Што ж, пашукаем іншыя крыніцы беларускамоўных мультфільмаў. У шматлікіх сем’ях увогуле не глядзяць тэлевізар, а знаходзяць анімацыйныя і кінафільмы на розных інтэрнэт-рэсурсах.
Вось якія вынікі дала ў аўторак, 18 лютага, пошукавая гугл-сістэма на запыт «мульцікі на беларускай мове»: на першым месцы ў прыкладанні «YouTube» аказалася «Свінка Пэпа». Гэта сусветна вядомы серыял, які складаецца з кароткіх мульцікаў, частку іх па-беларуску агучыла студыя «Кінаконг».
Мульцік вельмі добры, мае займальны сюжэт, які асабліва падабаецца маленькім дзеткам. Аднак шкада, што ў рэжыме аўтаматычнага анлайн прайгравання беларускамоўныя серыі праз некаторы час замяняюцца рускамоўнымі і трэба ўручную выбіраць новыя серыі на роднай мове.
Наступным у рэйтынгу размешчаны цэлы агляд мультфільмаў са спасылкамі на іх. Тут ёсць спасылка на вышэй названы мульцік пра вясёлую свінку, а яшчэ можна знайсці вельмі якасныя стужкі ад «Беларусьфільма».
Напрыклад, мультфільм «Піліпка» – вельмі пяшчотны, густоўны па форме і змесце – расказвае пра надзвычай добрага хлопчыка, якога нават Баба Яга не захацела есці, бо пабаялася, што ён будзе салодкім на смак.
А «Дзед» – гэта твор, пабудаваны на сюжэце народнай казкі, пра мудрага старога, які сваім розумам і жыццёвым вопытам выратаваў не толькі родную сям’ю, але і цэлую вёску ад голаду. Мульцік упрыгожваюць аўтэнтычныя народныя спевы.
Анімацыя ў стылі выцінанкі і сюжэты, заснаваныя на вуснай народнай творчасці, леглі ў аснову «Беларускіх прымавак».
Часткі мультфільма «Аповесць мінулых гадоў» прысвечаны розным гістарычным падзеям беларускай гісторыі і будуць цікавыя дзецям старэйшага ўзросту.
Абавязкова захопяць увагу маленькіх гледачоў гісторыі пра знаходлівага «Несцерку» – займальныя і гумарыстычныя.
Папулярнымі ў пошукавым рэйтынгу з’яўляюцца польскія анімацыйныя фільмы пра мядзведзіка «Аблавушка», «Ката Філімона» і іншыя ў беларускай агучцы.
А яшчэ на «YouTube» выкладзены вядомы савецкі мульцік «38 папугаяў», перакладзены на беларускую вучнямі мінскай гімназіі.
Гэтыя і іншыя мультфільмы можна паглядзець пры дапамозе мабільнага прыкладання «Краіна казак». У адпаведным раздзеле іх мноства, ёсць нават «Мікі Маўс» (сезоны 2013 – 2016 гадоў).
А яшчэ хацелася б звярнуць увагу на карткі Домана з праекта «Умачка» – гэта не мультфільмы, а серыі агучаных тэматычных малюнкаў, пры дапамозе якіх дзіця можа вывучыць новую лексіку.
Такім чынам, калі задацца мэтай, то ў інтэрнэце можна знайсці беларускамоўны кантэнт для дзіцяці. Але, зразумела, гэтага недастаткова, каб маленькія беларусы загаварылі на роднай мове.