Народны ансамбаль народнай песні “Лагойская жывіца” быў створаны яго мастацкім кіраўніком Міхаілам Дуганавым ў 2003 годзе. Ён стаў не толькі натхняльнікам для аматараў народнай песні, але і акампаніятарам. Аснову рэпертуара ансамбля складалі беларускія песні. Асаблівае месца займалі творы са зборніка “Песні Лагойшчыны”.
Ансамбаль вёў вялікую творчую работу. Рэгулярнымі былі канцэрты, а таксама ўдзел у раённых і абласных святах, конкурсах, фестывалях. Ужо ў 2009 годзе “Лагойская жывіца” атрымала ганаровае званне “Народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Сярод самых значных узнагарод ансамбля -- дыпломы фестываляў “Не старэюць душой ветэраны”, “Пеўчае поле”, “Новыя імёны Беларусі”.
З 2013 года ансамблем кіруе Уладзімір Мірончык. Ён пастараўся не толькі захаваць лепшыя традыцыі, але і значна пашырыў рэпертуар. У новым ключы загучалі фальклорныя творы. Адбылося гэта дзякуючы арыгінальным харавым апрацоўкам.
За апошнія гады была значна ўмацавана матэрыяльная база калектыва: набыты баян, акардэон, камплект шумавых інструментаў, абноўлены сцэнічныя касцюмы.
Нягледзячы на тое што ансамбль мае шматлікія ўзнагароды, прыярытэтнай задачай для яго застаецца творчая дзейнасць, жаданне дарыць слухачу беларускую песню. Зараз у рэпертуары “Лагойскай жывіцы” больш за 100 твораў.
Днямі адбыўся канцэрт, які быў прысвечаны юбілею “Лагойскай жывіцы”. З цёплымі словамамі да яе ўдзельнікаў і кіраўніка звярнуліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Сяліцкая, дырэктар РЦКД Святлана Саўрыцая, удзельнікі ансамбля “Шчодрыца”, прадстаўнікі сельскіх устаноў культуры. “Лагойская жывіца” атрымала падарункі, кветкі, кіраўніку была ўручана Ганаровая грамата. Але самым галоўным падарункам для захавальнікаў народнай песні сталі шчырыя апладысменты ды добры настрой гледачоў.
Аляксандр Клімавец, “РК”.