
3 лістапада 1941 года не стала вядомага беларускага паэта, празаіка, публіцыста, перакладчыка, грамадскага дзеяча Змітрака Бядулі. Гэта літаратурны псеўданім Самуіла Плаўніка, ураджэнца вёскі Пасадзец.
Ён ратаваўся ад вайны, але смерць заспела яго ў дарозе. Паэт накіроўваўся з сям'ёй у эвакуацыю. Цягнік зрабіў прыпынак каля казахстанскага горада Уральска, дзе сэрца нашага земляка, якому было на той момант 55 гадоў, раптоўна спынілася. Там жа яго і пахавалі на гарадскіх могілках.
3 лістапада 2020 года прах Змітрака Бядулі быў урачыста перапахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Здзейснілася мара яго блізкіх, у прыватнасці, у сталым веку сына Яфіма, які даўно хацеў, каб бацька вярнуўся на Радзіму. Парэшткі паэта даставілі з Казахстана самалётам.
На магіле ў сталіцы 5 гадоў таму паставілі крыж і памятную таблічку з сапраўдным імем і прозвішчам паэта, а ў дужках быў пазначаны яго псеўданім. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры неўзабаве ініцыяваў дабрачынны збор сродкаў на надмагільны манумент пісьменніка. Пералічыць іх на спецыяльны рахунак мог кожны з нас.
Грошы ахвяравалі розныя прадпрыемствы, арганізацыі, грамадскія аб'яднанні і сотні неабыякавых беларусаў. Музеем з гэтай мэтай арганізоўваліся дабрачынныя экскурсіі, мерапрыемствы. Палову неабходнай сумы выдзелілі з дзяржаўнага бюджэту.
3 лістапада 2025 года, у дзень памяці Змітрака Бядулі, адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка. Яго аўтарам з'яўляецца скульптар Сяргей Гумілеўскі, архітэктар — Віктар Карака. Помнік знаходзіцца ў першым радзе 26-га сектара і ўяўляе сабой бронзавы партрэт паэта, размешчаны на цёмна-зялёнай гранітнай пліце. Яна з'яўляецца сімвалам нівы пад парывамі ветру, а фрагмент брукаванкі на магіле сімвалізуе складаны жыццёвы шлях Бядулі. Так, на гэтым шляху было шмат страт і выпрабаванняў, але паэт прайшоў яго як сапраўдны, годны сын сваёй Радзімы, шчыры і сумленны чалавек.
Самуіл Плаўнік у сваёй творчасці выкарыстоўваў розныя псеўданімы, і ўсё ж большасць ведае яго як Змітрака Бядулю. Гэта фальклорны персанаж, музыка, які ходзіць па дарогах краіны і суцяшае бедных, няшчасных людзей сваімі песнямі. Такога персанажа мы бачым, напрыклад, у вершы паэта "Гусляр".
Хай жа гучаць вечна песні нашага земляка, хай жыве, суцяшае і натхняе людскія душы слова пасадзецкага песняра!
Алена Масцерава.