Новости
Дзве птушкі - сімвал шчасця і кахання. Пра што яшчэ даведаліся лагайчане ў музеі
главное
3 дня(-ей) назад
2
4

Выстава саломапляцення і выцінанкі праходзіць у Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі імя К. І Я. Тышкевічаў.

Аўтары экспанатаў, створаных у старажытных беларускіх тэхніках, прызнаных каштоўнымі на сусветным узроўні, правялі 3 мая майстар-класы для лагайчан.

Народны майстар Беларусі па саломапляценні, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Валянціна Пазднякова прывезла з Мінска нарыхтоўкі з жытнёвай саломы і гатовыя пацеркі з яе. З сонечных, папярэдне высушаных, а потым замочаных у цёплай вадзе палосак удзельнікі майстар-класа сплялі элементы ў выглядзе лісточкаў і сэрцаў, якімі можна ўпрыгожыць велікодныя вербы. Падчас працы над імі лагайчане даведаліся, чым адрозніваецца жытнёвая салома ад пшанічнай, якія ўзоры выбіралі нашы продкі, чым жывуць сённяшнія майстры саломапляцення.

Напрыклад, Валянціна Васільеўна расказала пра самую сталую ўмеліцу з Мінска Лідзію Главацкую: нядаўна жанчына, якой ужо 89 гадоў, зламала руку, але не спыніла творчай дзейнасці, якая дапамагае ёй распрацоўваць траўмаваную канечнасць.

І сапраўды, нават каб сплесці звычайную касу-аснову для розных фігур, трэба прыкласці шмат намаганняў, звязаных з дробнай маторыкай, ну і, вядома ж, для гэтага неабходныя ўседлівасць і цярпенне.

Валянціна Пазднякова кіруе ўзорнай студыяй саломапляцення і выцінанкі "Добры настрой" ў сярэдняй школе № 3 г. Мінска і ўжо не аднаму пакаленню вучняў перадала таямніцы стварэння саламяных і папяровых узораў народнай творчасці. Яе выпускніца Вікторыя Бародзіч, хоць і вучыцца на праграміста, усё ж не развіталася пасля школы з рамёствамі, а, стаўшы студэнткай, працягнула займацца выцінанкай і нават уступіла ў саюз майстроў народнай творчасці, правяла персанальную выставу ў рамках праекта "Маладыя таленты сталіцы".

Вікторыя Аляксандраўна расказала і паказала, як выглядае класічная беларуская выцінанка. Гэта сіметрычныя ўзоры паводле пераважна раслінных і жывёльных матываў, якія можна ўбачыць на драўляных ліштвах, вышываных ручніках і папяровых вырабах. Так, удзельнікам майстар-класа было прапанавана выразаць дзвюх птушак на галінцы, якія глядзяць адна на адну і сімвалізуюць згоду, шчасце і каханне ў сям’і. А хтосьці з наведвальнікаў выразаў з паперы велікодныя яйкі для паштовак.

Лагайчане ўпэўніліся, што нават для таго каб зрабіць першыя крокі ў вышэй названых напрамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, трэба няспешна, акуратна, цярпліва працаваць, ведаючы, што не ўсё можа атрымацца з першага разу. Таму ўжо пасля першых творчых спроб зразумелі, колькі майстэрства і таленту спатрэбілася мінчанкам, каб стварыць сапраўдныя саламяныя і папяровыя шэдэўры, якія можна ўбачыць на выставе ў музеі да 11 мая. Тут і кветкі з саломы, і птушкі, і лялькі, а таксама выдатныя работы ў тэхніцы выцінанкі. Асабліва ўражвае складаная тэхнічна, але эстэтычна непаўторная папяровая архітэктура.

Вядома ж, сталічным майстрам вялікую ўдзячнасць выказалі і наведвальнікі, і супрацоўнікі музея. Кожны ўдзельнік майстар-класа вяртаўся дадому не толькі з прыемным сувенірам, але і з добрым настроем ад сумеснай творчай дзейнасці.

Алена Масцерава.