Новости
Канцэрт студыі "Млечны шлях" стаў сапраўдным першамайскім падарункам
главное
2 дня(-ей) назад
2
4

У Лагойскім раённым цэнтры культуры 1 мая быў аншлаг. Вялікую колькасць гледачоў сабралі не прыезджыя артысты, а ўзорная эстрадная студыя "Млечны шлях" з райцэнтра. Публіка з плакатамі, букетамі - усё як на канцэртах вядомых зорак. Толькі зоркі выступалі мясцовыя, і яны сапраўды ззялі.

Вядучай канцэрта была кіраўнік студыі Дар’я Зуб, якая ад нумара да нумара распавядала пра падрыхтоўку да выступленняў, пра дасягненні сваіх выхаванцаў, асаблівасці сцэнічнай дзейнасці. Юных вакалістаў яна назвала будучым нашай краіны, якое дзякуючы ім павінна быць шчаслівым.

І песні гучалі на адпаведныя тэмы - пра шчасце, здзяйсненне мараў, сяброўства, каханне, пазітыўнае стаўленне да рэчаіснасці.

Так, Аляксандра Табалевіч заклікала ў песні "лёгка ляцець насустрач сонцу", сярэдняя група - "танцаваць над аблокамі", а выканаўцы старэйшай групы спявалі пра лірычную гераіню, якой, нягледзячы ні на што, падабаецца жыць.

Шчымлівыя творы пра складаныя ўзаемаадносіны паміж дзвюма палавінкамі гучалі ў выкананні салістак дарослай групы Дар’і Мірончык, Аляксандры Шапяцюк, Ганны Рудак.

А малодшыя, як заўсёды, з драйвам і непаўторнай энергетыкай выканалі сапраўдны танцавальны хіт гэтага года "Мы раздаём кач-кач-кач-кач".

Сёлета студыя "Млечны шлях" у чарговы раз абараніла званне ўзорнай, і публіка, затаіўшы дыханне, слухала акапэльны нумар старэйшай групы, якая годна пацвердзіла гэта званне перад прафесійным журы.

На канцэрце панавала прыязная, сапраўды сяброўская атмасфера, і кожны выхад артыстаў суправаджаўся гучнымі апладысментамі, а фінальны нумар гледачы віталі стоячы.

Шмат слоў падзякі выказала Дар’я Зуб сваім выхаванцам, бацькам, калегам - дружнай камандзе, якая гарыць адной справай. У сваю чаргу начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Сяліцкая назвала артыстаў студыі візітнай карткай усіх раённых мерапрыемстваў, адзначыла іх высокі выканальніцкі ўзровень і пажадала далейшага творчага развіцця.

Алена Масцерава.

Фота аўтара.