Новости
Мацнейшымі сталі валейбалісты з Астрошыц
главное
4 дня(-ей) назад
2
4

У фінале раённага чэмпіянату па валейболе сярод сельскіх школ змагаліся тры каманды. У фізкультурна-аздараўленчым цэнтры "Лагойск" 26 красавіка сустрэліся старшакласнікі з Астрошыц, Лагазы, Акцябра.

Астрошыцкія валейбалісты выйгралі ў дзвюх зборных-суперніц, забяспечыўшы сабе "золата" на раённым этапе і маючы магчымасць спакойна назіраць, як скончыцца барацьба за другое і трэцяе месцы.

-- У нашай школе праводзіліся трэніроўкі пры падрыхтоўцы да гэтых спаборніцтваў, -- расказаў капітан каманды, дзевяцікласнік Ігнат Ракіцкі. -- У адборачных гульнях мы атрымалі 2 перамогі і на фінал таксама прыехалі з цвёрдым жаданнем перамагчы, бо ў нашай зборнай ёсць вучні 9-11-х класаў, выпускнікі, якія ўдзельнічаюць у падобным турніры апошні раз. Сёлета сабралася моцная каманда, і ў нас усё атрымалася.

Пакуль пераможцы адпачывалі, іх настаўнік фізкультуры Аляксандр Шаўчэнка пільна сачыў за ходам гульні. У першым сэце наперад выйшлі лагазінцы.

-- Збярыцеся, хлопцы, -- настройвала вучняў з Акцябрскай СШ выпускніца гэтай жа школы Паліна Брацун, якая праходзіць тут практыку, з’яўляючыся навучэнкай Салігорскага педагагічнага каледжа.

Пасля атрымання спецыяльнасці настаўніцы фізвыхавання дзяўчына прыйдзе працаваць у Лагойскі раён. Яна адзначыла, што сам вучэбны працэс у каледжы досыць складаны, таму што ён апраўдвае прафесію педагога, які адказвае не толькі за навучанне, але і за жыццё і здароўе дзяцей.

Баявы дух, з якім збіраецца ў бліжэйшым будучым пачаць працу ў сістэме адукацыі Паліна Брацун, трэба спадзявацца, перадасца і яе вучням, якія павысяць свой рэйтынг у турнірнай табліцы.

У суботу ж, калі праходзіў раённы фінал, "срэбра" забралі вучні з Лагазы.

Алена Масцерава.