Чаму за год навучыліся юныя танцоры з харэаграфічнага аддзялення Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў, паказаў справаздачны канцэрт 23 красавіка ў Лагойскім Цэнтры культуры.
Пачаўся ён гісторыка-бытавымі танцамі ў выкананні вучняў педагогаў Алы Каліны і Кацярыны Хан. Арыстакратычныя французская і бальная полькі, стылізаваны народны танец настроілі публіку на творчы лад, які дапамагалі падтрымліваць музыканты з ансамбляў "Акардыяна" і "Акорд".
Затым гледачоў чакалі сучасныя танцы: спартыўныя і эстрадныя. Першакласнікі Кацярыны Хан вярнулі прысутных на канцэрце ў вясёлыя зімовыя забавы, а вучні 2-3 класаў Алы Каліны - у дынамічную атмасферу дыскатэкі 80-х.
Яркімі нумарамі парадаваў народна-сцэнічны напрамак, дзе "Тарантэлай" і малдаўскім танцам вызначыўся ансамбль "Квецень", створаны Алай Калінай у 2017 годзе. Выступілі ўдзельнікі гэтага ансамбля і з яго візітнай карткай - харэаграфічным нумарам "Гарэзы" пад сучасную апрацоўку народнай песні "Чаму ж мне не пець".
Кароткую лекцыю пра народны беларускі народны танец правяла вядучая канцэрта, кіраўнік ансамбляў акардыяністаў Таццяна Каржова, якая красамоўна прадстаўляла кожны напрамак і выканаўцаў, а таксама запрасіла на наступныя канцэрты школы мастацтваў.
Алена Масцерава.