Новости
Велікодныя спектаклі і майстар-класы праходзяць у Лагойскім музеі
главное
2 дня(-ей) назад
2
4

Напярэдадні велікодных святаў у Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі імя К. і Я. Тышкевічаў арганізуюцца цікавыя тэматычныя мерапрыемствы. Так, 17 красавіка, у Вялікі Чацвер, тут адбыўся паказ спектакля «Пасхальный колобок» у выкананні народнага аматарскага калектыву – тэатра лялек «Батлейка». У яго рэпертуары ёсць шэраг іншых твораў, у тым ліку вядомы «Цар Ірад».

Кіраўнік калектыву, дырэктар музея Святлана Гамеза, напачатку правяла навучальную гутарку з першакласнікамі Сярэдняй школы № 1 г. Лагойска, задаючы ім пытанні: «Што такое Вялікдзень?», «Хто такі Ісус Хрыстос?», «Якія вы ведаеце сімвалы Вялікадня?» і іншыя. Вучні, нягледзячы на юны ўзрост і сур’ёзнасць тэмы, актыўна ўдзельнічалі ў яе абмеркаванні.

Святлана Ігараўна расказала дзецям гісторыю пра распяцце і ўваскрэсенне Ісуса Хрыста, паступова падводзячы да вершаванай казкі, напісанай святаром Канстанцінам Астроўскім паводле народнага сюжэта пра калабка, які ад звяроў, што хацелі яго з’есці, спяшаўся ў царкву. Фінал гэтай гісторыі святочны і добры.

Вельмі ўважліва школьнікі слухалі пастаноўку ў выкананні Святланы і Міхаіла Гамезаў, Людмілы Буцэр, якая, дарэчы, змайстравала лялькі для дадзенага спектакля.

А потым вучні з вялікай цікавасцю ўдзельнічалі ў майстар-класе па вітражным роспісе. Пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Веры Казак першакласнікі малявалі на шкле велікодны кошык з булкамі і яйкамі і ў выніку атрымалі арыгінальныя яркія велікодныя малюнкі.

Алена Масцерава.