Новости
Студыя "Маскарад" паказала свае дасягненні на справаздачным канцэрце
главное
3 дня(-ей) назад
2
4

Вечар 16 красавіка ў Лагойскім раённым цэнтры культуры быў напоўнены яркімі літаратурна-музычнымі нумарамі. Тут праходзіў справаздачны канцэрт тэатральнай студыі "Маскарад", якую наведваюць дзеці розных узростаў. Пад кіраўніцтвам Васіліны Пісарэвіч яны вучацца акцёрскаму майстэрству і дэманструюць свае дасягненні на розных канцэртных пляцоўках.

Напачатку загадзя падрыхтаваны фільм на экране расказаў пра дасягненні юных тэатралаў за мінулы год.

Потым дзеці паказалі розныя віды трэнінгаў, якія праводзяць на занятках.

Кіраўнік студыі перадала слова вядучым - вучням старэйшай групы, якія выдатна справіліся са сваёй роляй.

Потым слова трымалі самыя маленькія: у відэароліку на экране яны шчыра і непасрэдна адказалі на пытанні пра сваю настаўніцу, пра заняткі ў студыі, пра будучую прафесію.

Гледачоў чакалі цікавыя вершы, песні, літаратурна-музычныя кампазіцыі.

Так, на маленькага анёла была падобная ўдзельніца малодшай групы Варвара Тарасюк.

Нумар "Неразлучные друзья", як заўсёды, прагучаў рытмічна і весела. Павесяліла публіку сцэнка пра тое, як пацыент хацеў павіншаваць доктара.

Былі шчымлівымі да слёз нумары, прысвечаныя мамам.

Музычныя падарункі для публікі падрыхтавалі ўдзельнікі студыі "Млечны шлях". А з пластычным эцюдам выступіў народны маладзёжны тэатр гульні "Балаган".

Удзельнікі, якія з’яўляюцца самым сэрцам студыі і стаялі ў вытокаў яе дзейнасці, паказалі літаратурна-музычную кампазіцыю "У Лукамор’я".

У канцы юныя акцёры атрымалі шмат апладысментаў ад публікі і слоў падзякі ад свайго кіраўніка Васіліны Пісарэвіч, а таксама начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі Алены Сяліцкай.

- Гэта быў нечаканы маштаб! - падзялілася ўражаннямі лагайчанка Марыя, мама маленькай актрысы Варвары Тарасюк. - Бачна, што дзеці атрымлівалі задавальненне, што яны як адна дружная сям’я. Мне спадабаліся нумары - яркія, маляўнічыя, незвычайныя. Дзеці прачыталі цудоўныя вершы і падарылі сваім мамам ружы. Былі і смешныя моманты, сцэнкі. Для першага справаздачнага канцэрта маёй дачкі - проста выдатна! Мы вельмі ўдзячныя нашаму педагогу - Васіліне Васільеўне.

Алена Масцерава.