У суботу 12 красавіка ў Гасцілавіцкім сельскім доме культуры з аншлагам прайшоў выпускны спектакль вучняў 7 класа тэатральнага аддзялення Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў. Увазе публікі выпускнікі прадставілі пастаноўку паводле аповесці пісьменніка з Віцебска Уладзіміра Жалезнікава "Чучело", якую шмат хто ведае дзякуючы аднайменнаму кінафільму Ралана Быкава з маленькай Крысцінай Арбакайтэ ў галоўнай ролі.
Сюжэт аповесці прысвечаны дзяўчынцы, якая стала аб’ектам булінгу ў школьным калектыве, але змагла супрацьстаяць жорсткасці і несправядлівасці, сваім унутраным стрыжнем абудзіла сумленне хай не ва ўсіх, але ў большасці крыўдзіцеляў.
Здавалася б, такі няпросты канфлікт складана перадаць на сцэне за 40 хвілін. Але бліскучая рэжысёрская работа педагога Іны Сарокі, таленавітая ігра юных акцёраў - і на сцэне разыгралася сапраўдная драма, якая зачапіла кожнага і дала зразумець, што праблемы мінулага стагоддзя актуальныя і сёння.
На сцэне быў мінімум дэкарацый: школьная дошка і драўляныя зэдлікі. Але яны былі выкарыстаны і ў ролі школьных крэслаў, і ў якасці подыуму, і нават як аснова для вогнішча, у якім збіраліся спаліць Пудзіла... Вельмі прафесійна падабралі для спектакля і музычнае афармленне.
Паказ адбываўся ў Гасцілавічах, таму што сцэна школы мастацтваў занадта маленькая для такой значнай колькасці акцёраў. І пастаноўшчык спектакля Іна Сарока пасля фінальных апладысментаў падзякавала ўсім, хто дапамагаў з арганізацыяй рэпытыцый і правядзення прэм’еры на сельскай сцэне.
Але гэты спектакль не для аднаразовага паказу. Ён сапраўды варты ўвагі гледачоў. Таму сачыце за афішамі і ў наступны раз не прапусціце.
Алена Масцерава.
Фота аўтара.