Яшчэ не было 9.00, а работнікі прадпрыемстваў «Цігер» і «Цігер-інвест» – усяго каля 20 чалавек – сабраліся на сваёй тэрыторыі ў чаканні пачатку рэспубліканскага суботніка, які праходзіў па ўсёй краіне 12 красавіка. На чале з кіраўніком Эдуардам Фалеем і калектывам упраўлення капітальнага будаўніцтва лагайчане ўдзельнічалі ў азеляненні райцэнтра.
Пасадачны матэрыял – больш за 300 саджанцаў елкі і сасны – ім прывезлі камунальнікі з лесагадавальніка Лагойскага лясгаса. Хуткая, зладжаная работа – і маленькія дрэўцы ўпрыгожылі ўчастак ад прыпынку гарадскога аўтобуса "КТМ" да павароту на завод «Амкадор-Лесмаш».
– Мы займаемся карыснай справай, і нам вельмі пашанцавала з добрым, сонечным надвор’ем, – падзялілася ўражаннямі спецыяліст упраўлення капітальнага будаўніцтва Алёна Галінская.
Яе калегі Аляксандр Лагуноўскі і Валерый Любавін расказалі, што ўжо маюць вопыт у азеляненні, бо раней ўдзельнічалі ў ім на трасе М3.
Дырэктар арганізацыі Яўген Гайдук паведаміў, што на рэспубліканскі суботнік, як заўжды, выйшаў увесь калектыў апрача ветэранаў.
На тэрыторыі і ў памяшканнях дашкольнага цэнтра развіцця «Лясная казка» наводзілі парадак 40 супрацоўнікаў на чале з загадчыкам Інай Халадзінскай.
– Сёння мы, як і ўся наша краіна, выйшлі на суботнік, каб зрабіць наш горад больш прыгожым і чыстым, – адзначыла настаўнік-дэфектолаг Анастасія Чупрына.
Яе калегі гаварылі, што працуюць з прыўзнятым настроем, бо ўдзел у суботніку – гэта вельмі добрая традыцыя.
А калектыў Лагойскага камунгаса шчыраваў на розных аб’ектах: і на тэрыторыі свайго прадпрыемства, і ў парку, і на розных вуліцах горада.
На Мінскай каля 20 спецыялістаў з адміністрацыі фарбавалі бартавы камень. Хоць субота – выхадны дзень, на дарозе назіраўся інтэнсіўны аўтамабільны рух, але ўсе работнікі мелі на сабе яркія салатавыя і аранжавыя жылеты, а месцы правядзення работ былі абазначаны дарожнымі конусамі.
– Пасля рэспубліканскага суботніка ў горадзе Лагойску ў красавіку-маі запланавана правядзенне суботнікаў на прыдамавых тэрыторыях шматкватэрных дамоў, – паведаміла намеснік галоўнага інжынера па будаўніцтве Ірына Джарсалія. – Ужо састаўлены графік правядзення, аб’явы з датамі і часам будуць размешчаны на дамах. Калі жыхары будуць мець патрэбу ў якім-небудзь інвентары, мы яго прадаставім. На аб’явах будзе ўказаны нумар тэлефона, па якім можна папрасіць неабходныя інструменты, саджанцы, тэхніку. Прадстаўнікі камунгаса таксама будуць прысутнічаць на суботніках для арганізацыі работ.
Алена Масцерава.
Фота аўтара.