На вясновых канікулах, з 25 па 27 сакавіка, праходзіла раённая алімпіяда па вучэбных прадметах сярод вучняў 4 – 8 класаў. На базе Гімназіі г. Лагойска малодшыя школьнікі паказвалі свае веды па беларускай, рускай мовах, матэматыцы, вучні сярэдніх класаў – яшчэ і па хіміі, біялогіі, геаграфіі, фізіцы, гісторыі, інфарматыцы, англійскай і нямецкай мовах.
Як расказала загадчык Раённага вучэбна-метадычнага кабінета Юлія Грэк, удзел у алімпіядзе прынялі ўсе 19 устаноў адукацыі Лагойшчыны, прычым практычна ў кожнай з іх дзеці атрымалі дыпломы той ці іншай ступені. Некаторыя школьнікі набралі вялікую і нават максімальную колькасць балаў, паказаўшы тым самым высокі ўзровень ведаў і папоўніўшы банк даных высока матываваных вучняў, з якімі будзе весціся далейшая мэтанакіраваная падрыхтоўка да падобных выпрабаванняў.
Удзел у раённай алімпіядзе стаў добрай нагодай праверыць свае сілы і настроіцца на ўдзел у рэспубліканскай алімпіядзе, першыя этапы якой пройдуць восенню ў новым навучальным годзе.
Алена Масцерава, «РК».