Новости
Школьнік з Астрошыц выступіць у фінале абласнога конкурсу "CreaScratch"
главное
4 дня(-ей) назад
2
4

Вучань 8 класа Астрошыцкай школы Сцяпан Жураўлёў 10 красавіка будзе абараняць уласны праект на заключным этапе абласнога дыстанцыйнага конкурсу "CreaScratch". Конкурс праходзіць на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі па 8 намінацыях і накіраваны на развіццё навыкаў праграмавання і творчага падыходу да стварэння лічбавых праектаў у асяроддзі Scratch.

Сцяпан распрацаваў матэматычны трэнажор, які стаў, можна сказаць, сямейным праектам. Ідэю прапанавала старэйшая сястра Таццяна, выпускніца Астрошыцкай школы, студэнтка педагагічнага ўніверсітэта, якая мела патрэбу ў дапаможніку для трэніроўкі вуснага ліку ў вучняў пачатковых класаў. Сцяпан прыдумаў дыдактычную гульню на камп’ютары, мама Кацярына дапамагла зрабіць яе агучку - і лічбавы трэнажор "Выратаванне свята" гатовы для выкарыстання вучнямі 1 - 4 класаў.

Навыкі праграмавання і працы з камп’ютарнымі тэхналогіямі вучань атрымлівае на ўроках і факультатывах настаўніцы інфарматыкі і матэматыкі Ксеніі Іванчыкавай, пад кіраўніцтвам якой удзельнічаў і станавіўся прызёрам шматлікіх конкурсаў па робататэхніцы і праграмаванні. Заняткі праходзяць у добра абсталяваным STEAM-класе, дзе ёсць усё неабходнае для навучання дзяцей розным напрамкам у сферы ІТ.Зараз васьмік

ласнік завяршае з Ксеніяй Уладзіміраўнай падрыхтоўку да абароны праекту, з якім выйшаў у фінальны этап, вытрымаўшы канкурэнцыю вялікай колькасці ўдзельнікаў з цэнтральнага рэгіёна.
- Сёння мы займаемся праектнай дзейнасцю, якая з’яўляецца прыярытэтнай адукацыйнай задачай, - тлумачыць Ксенія Іванчыкава. - Важна, каб дзеці не проста атрымлівалі тэарэтычныя і практычныя навыкі, а вучыліся іх прымяняць у паўсядзённым жыцці. Таму стараемся працаваць на сумежжы навук, каб школьнікі ўмелі працаваць не толькі ў нейкім вузкім напрамку, а маглі справіцца з вырашэннем розных задач, што ім вельмі дапаможа быць паспяховымі ў дарослым жыцці.

Алена Масцерава.