З 9 па 22 красавіка праводзіцца рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, паведамляе Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. З сённяшняга дня можна зарэгістравацца ў адной з устаноў адукацыі, вызначаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь пунктамі рэгістрацыі для праходжання ЦТ. Але зрабіць гэта неабходна менавіта да 22 красавіка.
Падчас рэгістрацыі абітурыент падае заяву на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь (на свой выбар). Гэта можна зрабіць дыстанцыйна, запоўніўшы электронную форму на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў па электронным адрасе WWW.regct.rikc.by, або наведаўшы адзін з пунктаў рэгістрацыі з дакументам (копіяй), які сведчыць асобу.
Пры гэтым варта памятаць, што абітурыент, зарэгістраваны для ўдзелу ў цэнтралізаваным экзамене па двух вучэбных прадметах, мае права здаць ЦТ не больш як па адным іншым прадмеце. Не зарэгістраваныя на цэнтралізаваныя экзамены могуць зарэгістравацца на ЦТ па трох прадметах (не больш).
Пасля рэгістрацыі адным з пазначаных вышэй спосабаў трэба аплаціць удзел у ЦТ праз сістэму «Расчет» (ЕРИП), 4 р. 20 кап. за адзін прадмет, не пазней за 22 красавіка.
Не бярэцца аплата за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ з льготных катэгорый грамадзян (інваліды, дзеці-сіроты, дзеці, што засталіся без бацькоўскай апекі, дзеці са шматдзетных сем’яў і сем’яў ваеннаслужачых, работнікаў органаў МУС, што загінулі ці сталі інвалідамі пры выкананні воінскіх і службовых абавязкаў). Такія абітурыенты падаюць заявы асабіста ў пунктах рэгістрацыі ў прапанаваныя ім дату і час, маючы пры сабе дакументы (і іх копіі), што пацвярджаюць льготу.
Пасля рэгістрацыі і аплаты не пазней за 22 красавіка абітурыент павінен асабіста прыйсці ў пункт тэсціравання , каб забраць свае пропускі для ўдзелу ў ЦТ. З сабой неабходна мець пасведчанне асобы: пашпарт, від на жыхарства ці пасведчанне бежанца.
Абітурыент мае права здаць пропуск ці абмяняць яго на пропуск па іншым прадмеце да сканчэння тэрміну рэгістрацыі.
Рэгістрацыя для ўдзелу ў ЦТ лічыцца завершанай толькі пасля атрымання абітурыентам пропуску.
Больш падрабязную інфармацыю пра рэгістрацыю на ЦТ, аплату і атрыманне пропускаў можна знайсці на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў па адрасе: rikc.by.
Падрыхтавала Алена Масцерава.