Новости
У мемарыяльным комплексе «Хатынь» працуе ўнікальная выстава
главное
9 дня(-ей) назад
2
4

Выставачны праект, які аб’ядноўвае рэдкія матэрыялы ваеннага і пасляваеннага перыяду, дзейнічае ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». Да 25 мая наведвальнікі могуць убачыць фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы архітэктара Леаніда Левіна, аднаго са стваральнікаў мемарыяльнага ансамбля «Хатынь».

Выстава «…Война не смогла забрать только любовь» раскрывае тэму памяці, мастацтва і чалавечых пачуццяў ва ўмовах вайны. Значны акцэнт зроблены менавіта на франтавых пісьмах, што з’яўляюцца сімвалам надзеі, сувязі паміж салдатамі і іх сем’ямі.

Сярод экспанатаў – па-дзіцячы непасрэдныя, добрыя, яркія малюнкі, якія Леанід Левін адпраўляў у пісьмах на фронт бацьку. Выдатна захавалася лялька, падораная архітэктарам дачцэ пасля ўручэння Ленінскай прэміі за стварэнне мемарыяльнага ансамбля «Хатынь». Тут нават ёсць яго акварэльныя фарбы перыяду 60 – 70 – х.

На стэндах з пісьмамі можна прачытаць шчырыя словы маленькага сына, што ў лісце свайму бацьку на фронт расказвае, як ён ходзіць у дзіцячы садок і любіць там маляваць.

Любоўю напоўнены пяшчотныя радкі жонкі, адрасаваныя свайму мужу ў маі 1944 года, дзе яна спадзяецца на хуткую сустрэчу і захапляецца мастацкім талентам сына, яго клопатам пра яе. Менавіта франтавыя пісьмы дазваляюць усвядоміць трагедыю вайны і сілу любові, што пераадольвае ўсе выпрабаванні. 

У цэлым, асабістыя рэчы, дакументы Леаніда Левіна дапамагаюць раскрыць яго ўнутраны свет, сувязь майстра з гісторыяй і памяццю народа. Невялікая, але такая кранальная экспазіцыя ў фае музея мемарыяльнага комплексу дапамагае паверыць ў перамогу любові, надзеі, веры, мастацтва над злом вайны.

Алена Масцерава.