У пятніцу, 28 сакавіка, на базе раённага Цэнтра культуры прэзентавалі дасягненні ўстаноў адукацыі Лагойшчыны. Педагогі з усяго раёна сабраліся на выніковую нараду ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме, каб падвесці вынікі за мінулы і паставіць задачы на 2025 год.
Як працуе сістэма адукацыі раёна, красамоўна сведчылі інфармацыйныя стэнды, творчыя міні-выставы, наглядныя дапаможнікі, падрыхтаваныя школамі і садкамі.
Так, сярэдняя школа № 3 Лагойскага раёна прэзентавала два напрамкі: валанцёрскую дзейнасць і працу з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіха-фізічнага развіцця. Для навучання апошніх уводзяцца інавацыйныя метады, выкарыстоўваюцца спецыяльныя праграмы і сучасныя распрацоўкі для эфектыўнай працы, напрыклад, трэнажоры, якія развіваюць міжпаўшар’евае ўзаемадзеянне. Яны дэманстраваліся на выставе.
Кіраўнік валанцёрскага атрада «Добрае сэрца» настаўніца Юлія Грынь распавяла пра акцыі і дапамогу розным катэгорыям насельніцтва, а дзесяцікласніца Аліна Паўловіч адзначыла, што ёй вельмі падабаецца дапамагаць людзям.
У Гасцілавіцкай сярэдняй школе пачалі рэалізацыю праекта па здаровым ладзе жыцця, у рамках якога была распрацавана гульня па Правілах дарожнага руху. Пра яе расказвалі ўдзельнікам нарады Мілана Коласава і Святлана Паляшчук.
Новую калекцыю касцюмаў у нацыянальным стылі, распрацаваную педагогам Кацярынай Асташэвіч, прэзентавалі вучні Астрошыцкай школы.
Вядома, тут не маглі не паказаць дасягненні школьнікаў, якія займаюцца праграмаваннем і робататэхнікай. Вячаслаў Ісачанка, напрыклад, ужо заўтра адправіцца на рэспубліканскі турнір па праграмаванні, які будзе праходзіць у лагеры «Зубраня».
Пра сваё захапленне шахматамі расказваў чэмпіён па іх, уладальнік 3 разраду Гардзей Каролік.
А педагогі першай школы райцэнтра збіралі пажаданні ў скарбонкі дасягненняў вучняў.
Добрых слоў заслугоўваў кожны стэнд, а сістэмны аналіз працы галіны адукацыі Лагойскага раёна за 2024 год зрабіла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Алена Туркова. Яе даклад адлюстраваў асноўныя лічбы і факты, звзаныя з адукацыйнай дзейнасцю.
Алена Анатольеўна адзначыла, што ў 2024 г. вектар развіцця сістэмы адукацыі раёна не змяніўся: гэта даступнасць, якасць адукацыі, гістарычная памяць і высокі патрыятызм удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Начальнік упраўлення расказала пра асноўныя тэндэнцыі і дасягненні ў розных напрамаках дзейнасці: вучэбнай, выхаваўчай, творчай, навукова-даследчай і іншых.
Бліскучым вынікам працы галіны стала прызавое месца на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вучня Плешчаніцкай СШ № 1 Кірыла Атрушкевіча, якога рыхтавала настаўніца Вольга Русак.
Пра дзейнасць сваіх устаноў, прызнаных лепшымі сярод гарадскіх, расказалі дырэктар гімназіі Лілія Ліхтаровіч і загадчык дзіцячага цэнтра развіцця «Лясная казка» Іна Халадзінская.
Яркім момантам нарады стала ўзнагароджанне лепшых прадстаўнікоў педагагічнай галіны. Урачыстую цырымонію распачала намеснік старшыні райвыканкама Анжэла Раемская, якая яшчэ на адкрыцці нарады дзякавала настаўнікам за тое, што максімальна праявілі свае таленты, а вынікі іх дзейнасці былі важкімі ў Год якасці.
– Нашы дзеці – наша будучае, і адносіны да іх лёсу не павінны быць абыякавыя, – акцэнтавала ўвагу Анжэла Іванаўна. – Мы разам вырашаем важную задачу – адукоўваем, выхоўваем і развіваем дзяцей, каб яны былі годнымі грамадзянамі нашай краіны.
Калегам падзякавала за добрую працу і Алена Туркова.
Узнагароды за цеснае і эфектыўнае ўзаемадзеянне з сілавымі ведамствамі атрымалі педагогі і кіраўнікі ўстаноў.
Выдатным падарункам для прысутных сталі творчыя нумары вучняў і педагогаў.
Алена Масцерава.