На базе Лагойскай раённай цэнтральнай бібліятэкі 27 сакавіка прайшоў абласны семінар на тэму "Перспектыўныя тэндэнцыі развіцця дзіцячай бібліятэчнай прасторы". Яго ўдзельнікамі сталі загадчыкі дзіцячых бібліятэк і аддзелаў, якія абслугоўваюць маленькіх чытачоў Мінскай вобласці.
Напачатку госці даведаліся, як адбываецца стварэнне сацыякультурнай прасторы ў сельскай бібліятэцы. Выдатны прыклад таму - Гасцілавіцкая бібліятэка, экскурсію па якой правяла Людміла Маслоўская.
Загадчык Плешчаніцкай дзіцячай бібліятэкі, куды пасля накіраваліся ўдзельнікі семінару, Наталля Атрушкевіч падрыхтавала экскурсію на тэму "Бібліятэка - прастора для інтэлектуальнага развіцця дзяцей".
Знакавым момантам семінару стала наведванне мемарыяльнага комплексу "Хатынь", дзе госці пазнаёміліся з музеем і ўсклалі кветкі да абеліска.
Наступнай кропкай маршруту была Лагойская дзіцячая бібліятэка, экскурсію па якой правяла загадчык Кацярына Сіняк. Яна ж выступіла з прэзентацыяй падчас круглага стала на тэму "Сацыякультурныя тэндэнцыі бібліятэчнага абслугоўвання дзяцей: цікавыя практыкі і свежыя ідэі", адказала на пытанні бібліятэкараў.
Госці падзяліліся і сваім вопытам працы з юнымі чытачамі. Напрыклад, прадстаўнікі Клецкай бібліятэкі расказалі, што іх чытачы больш за ўсё любяць фантастыку, актыўна наведваюць установу на канікулах і з задавальненнем удзельнічаюць у мерапрыемствах, звязаных з кнігамі, сустрэчамі, з пісьменнікамі.
Якія яшчэ пытанні і тэмы абмяркоўваліся падчас семінару, чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў раённай газеты "Родны край".
Алена Масцерава.