Працягваецца аздараўленне школьнікаў на вясновых канікулах, якое ўключае ў сябе не толькі паўнацэннае харчаванне, прагулкі на свежым паветры, здаровую фізічную актыўнасць, але і ўдзел у цікавых мерапрыемствах.
Насычаная праграма ў сераду 26 сакавіка была ў лагеры «Сузор’е сяброў» Сярэдняй школы № 1 г. Лагойска. Яго наведваюць 50 вучняў, якіх падзялілі на 2 атрады ў залежнасці ад узросту. «Бусляняты», вучні 1 – 2 класаў, пабывалі ў гэты дзень у Лагойскай дзіцячай бібліятэцы, дзе ў рамках Тыдня дзіцячай кнігі для школьнікаў арганізавалі пазнавальнае мерапрыемства.
Сустрэча была прысвечана кнігам-юбілярам 2025 года. Бібліятэкар Паліна Багдановіч расказала дзецям пра казкі, выдадзеныя ва ўсім свеце ад 30 да 205 гадоў таму назад.
Маленькія чытачы актыўна адказвалі на пытанні віктарыны, адгадвалі герояў і назвы кніг.
Дарэчы, Тыдзень дзіцячай кнігі ў гэтай бібліятэцы пачынаўся 21 сакавіка з сустрэчы з дзіцячым пісьменнікам Сяргеем Клімковічам, які здзіўляў вучняў 4 класаў не толькі сваімі прыгодніцкімі гісторыямі, але і чароўнымі фокусамі.
«Зубраняты», якія вучацца ў 3 – 4 класах першай школы, наведалі ў сераду гісторыка-краязнаўчы музей, дзе з задавальненнем пазнаёміліся з новай экспазіцыяй залы Тышкевічаў. А папярэдні дзень у лагеры «Сузор’е сяброў» быў прысвечаны 80-й гадавіне Перамогі.
– Жыццё ў нашым лагеры насычана разнастайнымі мерапрыемствамі, – адзначыла педагог Марына Сарокіна. – Гэта і экскурсіі, і віктарыны, і творчыя майстар-класы, а таксама наведванне музея, кіназалы, аддзела па надзвычайных сітуацыях, удзел у спартыўна-аздараўленчых мерапрыемствах. Мы стараемся, каб канікулы нашых дзетак прайшлі цікава і насычана, каб яны набраліся новых сіл перад апошняй чвэрцю гэтага навучальнага года.
Алена Масцерава, «РК».