Разам з пачаткам вясновых канікул з 24 сакавіка стартавала школьная аздараўленчая кампанія. У Лагойскім раёне ўдзел у ёй прымуць 250 вучняў са школ Лагойска і Плешчаніц, Калачэй, Лагазы, Акалова, Крайска, Акцябра, Астрошыц.
– У лагерах для дзяцей створаны ўсе ўмовы для бяспечнага і камфортнага адпачынку, – расказала галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі, спорту і турызму Лагойскага райвыканкама Марына Рабацень. – Ва ўсіх установах падрыхтаваны цікавыя, насычаныя праграмы, асаблівая ўвага якіх скіравана на прафілактычныя гутаркі па правілах бяспечных паводзін, прафілактыку траўматызму, папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў. Прадугледжаны мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Году добраўпарадкавання, і іншыя.
У першы дзень працы выхаваўча-аздараўленчага лагера «Маленькая краіна» ў Сярэдняй школе № 3 г. Лагойска з самай раніцы да дзяцей завітаў намеснік начальніка Лагойскаага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Кішкурна. Яго гутарка з наведвальнікамі лагера была прысвечана правілам абыходжання з электрапрыборамі і іншым пытанням пажарнай бяспецы. Вучні вельмі актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні важных пытанняў.
Перад гэтым школьнікі зацікаўлена займаліся творчасцю пад кіраўніцтвам педагогаў Наталлі Арэф’евай і Юліі Грынь.
– У нашай школе вясной аздараўленне праходзяць 24 вучні ад 6 да 11 гадоў з розных катэгорый сем’яў, – патлумачыла кіраўнік лагера Юлія Собаль. – Першы дзень праграмы прысвечаны бяспецы, і акрамя сустрэчы з прадстаўніком выратавальнай службы чакаем візіт супрацоўніка дзяржаўтаінспекцыі. Таксама сёння па плане, як і ў іншыя дні, наведванне Цэнтра дзіцячай творчасці, педагогі якога правядуць са школьнікамі творчыя майстар-класы. Напярэдадні святкавання 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне запланаваны прагляды мастацкіх і дакументальных тэматычных фільмаў, прэзентацый, мультфільмаў, вучні наведаюць адпаведную экспазіцыю гісторыка-краязнаўчага музея.
Такім чынам, кожны дзень дзяцей чакаюць новыя тэмы і цікавыя справы, удзел у забаўляльных праграмах і спартыўных спаборніцтвах. Напрыклад, аўторак будзе прысвечаны Году добраўпарадкавання, а пятніца – беларускім народным традыцыям. Па выніках рэалізацыі выхаваўчага праекта лагера «Маленькая краіна» будзе створана яго прэзентацыя.
Падчас вясновых канікул у трэцяй школе райцэнтра таксама арганізавана другасная занятасць вучняў 8 – 11 класаў. Усяго ў атрадзе 21 чалавек ад 14 гадоў, якія займаюцца рамонтам кніжнага фонду.
Дзесяцікласніца Ульяна Голубева ўжо не першы раз падпрацоўвае на канікулах. Гэты разам прыйшла са сваёй аднакласніцай Алінай Паўловіч, каб правесці час на канікулах цікава, карысна і атрымаць пры гэтым заробак за свае старанні.
Алена Масцерава.