У пятніцу, 14 сакавіка, у Лагойскім райвыканкаме прайшло мерапрыемства ў рамках акцыі «Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!», прымеркаванае да Дня Канстытуцыі, які адзначаецца ў нашай краіне 15 сакавіка. Па традыцыі напярэдадні свята Асноўнага Закона дзяржавы самыя актыўныя і паспяховыя школьнікі атрымалі пашпарты.
Вучням гарадскіх школ уручылі важныя дакументы прадстаўнікі мясцовай улады.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Наталля Петрушэнка, выступаючы з прывітальным словам, нагадала прысутным, што павага да дзяржаўных сімвалаў – гэта важнейшы паказчык патрыятызму, грамадзянскасці і палітычнай культуры народа, а Асноўны Закон служыць галоўным прававым падмуркам нашай незалежнасці, гарантам правоў і свабод грамадзян.
– Пашпарт адкрывае дарогу ў дарослае жыцце, – зазначыла Наталля Мікалаеўна. – Ён жа ўскладае адказнасць не толькі за сябе асабіста, але і за сваю краіну. Хачу пажадаць вам стаць сапраўднымі патрыётамі, якія любяць сваю Радзіму, свой народ, сваю сям’ю. Тут, на роднай зямлі, вы вельмі патрэбныя, вы – наша будучае і самае светлае сёння. Ваш абавязак – умацоўваць асновы канстытуцыйнага ладу сваёй стараннай вучобай і працай.
Пажадаўшы вучням поспехаў, Наталля Петрушэнка ўручыла пашпарты некалькім гімназістам.
Працягнуў ўрачыстую цырымонію пракурор Лагойскага раёна Аляксандр Чараповіч, які звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства са словамі:
– Канстытуцыя – гэта Асноўны Закон у краіне, на падставе якога прымаюцца астатнія законы і нарматыўна-прававыя акты. З атрыманнем пашпарта вы становіцеся паўнапраўнымі грамадзянамі, набываеце не толькі правы, але і абавязкі, несяце адказнасць за свае дзеянні. У той жа час з боку дзяржавы вы атрымліваеце гарантыі бяспекі. Дзе б вы не знаходзіліся, вы павінны памятаць і шанаваць беларускую культуру, каштоўнасці, якія нам перадалі папярэднія пакаленні, паважаць і берагчы гістарычную памяць.
Начальнік Лагойскага РАУС Ігар Арлоў падчас сустрэчы сказаў:
– Будзьце сапраўднымі патрыётамі, шануйце нашы святы, не забывайце нашых продкаў, якія падарылі нам жыццё і мірнае неба над галавой. І памятайце, што наша Радзіма – гэта адзіная тэрыторыя, дзе вас заўсёды чакаюць і любяць.
Яшчэ шмат важных слоў пачулі старшакласнікі з вуснаў начальнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях Віталія Зінькевіча і Дэпартамента аховы Паўла Тарлецкага, а таксама старшыні раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Марыны Рабацень.
Вучні гімназіі, першай і трэцяй школы райцэнтра, якія паказваюць добрыя вынікі ў навучанні, творчасці, спорце, грамадскім жыцці, разам з пашпартамі атрымалі ў гэты дзень важныя пажаданні і парады, якія дапамогуць у дасягненні новых поспехаў.
Алена Масцерава.