У сталіцы 12 сакавіка адкрылася ХХХІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. У выставачным цэнтры на пр. Пераможцаў, 14 сабралася больш за 500 экспанентаў з двух дзясяткаў краін. Наведвальнікаў выставы чакаюць тэматычныя мерапрыемствы, прэзентацыі, аўтограф-сесіі і выданні розных выдавецтваў са скідкай.
На стэндзе выдавецтва "Полынь" можна набыць кнігу лагайчанкі Вікторыі Малікавай "Горный весенний ветер", якая выйшла ў 2024 годзе. Там жа 14 сакавіка ў 17.00 пройдзе аўтограф-сесія аўтара. У гасцей выставы ёсць выдатная магчымасць задаць пытанні пісьменніцы і падпісаць у яе кнігу, створаную ў жанры фэнтазі паводле японскай міфалогіі.
А на стэндзе OZ адбудзецца аўтограф-сесія аўтараў зборніка містычных гісторый пра сталіцу "(Не)чистый Минск", у які ўвайшло апавяданне Вікі Малікавай "Корона Паднора". Гэту кнігу ў мінулым годзе выдала суполка пісьменнікаў-фантастаў "Шуфлядка писателя", і яна стала сапраўдным бестселерам для сучаснай чытацкай аўдыторыі.
Такім чынам, не прапусціце сустрэчу з лагойскай пісьменніцай у пятніцу. Калі ж у гэты дзень не атрымаецца трапіць на выставу, то ў вас ёсць магчымасць набыць кнігі з творамі Вікі Малікавай з 12 да 16 сакавіка. Выстава працуе з 10.00 да 19.00. Уваход вольны.
Алена Масцерава.