Упершыню ў Мінскай вобласці праходзіў турнір юных гісторыкаў для вучняў 8-9 класаў. Першы, міжраённы, этап прайшоў 11 сакавіка.
Каманды цэнтральнага рэгіёна былі размеркаваны па чатырох групах. Зборная Лагойскага раёна паказвала свае веды і эрудыцыю ў групе школьнікаў з Барысаўскага, Смалявіцкага, Бярэзінскага, Крупскага раёнаў і горада Жодзіна.
Выпрабаванне праходзіла ў анлайн-фармаце на базе СШ № 1 г. Лагойска. Вучні гімназіі і першай школы райцэнтра, усяго 6 чалавек, удзельнічалі ў 5 турах, падчас якіх трэба было творча прадставіць сваю каманду, адказаць на пытанні з розных раздзелаў гісторыі роднага краю і гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. Асобны тур быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У форме загадзя падрыхтаваных відэаролікаў прайшоў бой капітанаў, дзе сябе крэатыўна праявіў дзевяцікласнік лагойскай першай школы Герман Якубчык.
Па выніках праходжання ўсіх тураў першага этапу абласнога турніру юных гісторыкаў каманда Лагойскага раёна «Алмазныя копі» атрымала дыплом ІІІ ступені.
Над падрыхтоўкай нашай зборнай да ўдзелу ў конкурсе працавала група настаўнікаў з першай і трэцяй школ райцэнтра, гімназіі, а таксама педагогі з Лагазінскай, Астрошыцкай і Косінскай школ.
Алена Масцерава.