Яркім і запамінальным момантам стала для лагайчан творчая сустрэча з паэткай, выканаўцай уласных песень, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Галінай Мароз. Імпрэза прайшла 23 жніўня ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Жыхары райцэнтра добра ведаюць імя гэтага аўтара, бо яна пражыла тут 12 гадоў, мае ўласны дом, куды заўжды вяртаецца пасля паездак да дачкі ў Філадэльфію. У заакіянскай краіне клапатлівая бабуля дапамагае выхоўваць любімых унукаў.
У тэрытарыяльным цэнтры Галіна Сяргееўна адпрацавала ў свой час больш за 4 гады, з'яўлялася актыўнай удзельніцай раённага літаратурнага аб'яднання «Рунь», арганізатарам і госцем шматлікіх творчых мерапрыемстваў на Лагойшчыне, роднай Глыбоччыне і у́ іншых рэгіёнах Беларусі. І ўжо гэтым летам яна ўзяла ўдзел у некалькіх творчых імпрэзах у Полацку, Гомелі, Мінску.
Аўтар расказала пра пачатак свайго творчага шляху, першыя крокі ў літаратуры, першыя кнгі. Так, дэбютны зборнік «Жыццёвыя віражы» выйшаў у 2004 годзе, калі паэтка з сям'ёй жыла ў Шклове. Вершы яны пачала пісаць у 6 гадоў, а гэтым летам адзначыла 65-гадовы юбілей: значыць, літаратурны стаж складае 59 гадоў! За гэты час было безліч публікацый у газетах і часопісах, выйшла 5 аўтарскіх кніг і 34 зборнікі, у якіх Галіна Мароз з'яўляецца суаўтарам. У Саюз пісьменнікаў Беларусі паэтку прынялі ў 2005 годзе.
Галіна Мароз прачытала вершы з розных кніг. Любоў да Радзімы, да роднай мовы, да матулі, сэнс жыцця, узаемаадносіны паміж роднымі і блізкімі — кожная з гэтых тэм знаходзіла шчыры водгук у прысутных. Хтосьці пасмяяўся з гумарных вершаў, хтосьці задумаўся над філасофскімі пытаннямі, пачутымі ў паэтычных радках. І ўсе разам слухачы радаваліся песеннаму таленту паэткі, якая выконвала творы на ўласныя словы і музыку. Адну з песень, дарэчы, «Шчырую бяседачку», з задавальненнем узяў у свой рэпертуар вядомы беларускі ансамбль «Свята».
Шмат мудрых слоў пачулі лагайчане ад сваёй суайчынніцы. Напрыклад, разважаючы пра «залатыя гады», аўтар сказала:
— Што такое ўзрост? Гэта проста вопыт! Жанчына ў любых гадах можа выглядаць прывабна, бо галоўнае душэўная прыгажосць, уменне сабрацца, мець унутраны стрыжань.
І на гэту тэму публіка пачула верш «Кто сказал, что женщины стареют?».
Заўважна ажывіліся лагайчане падчас абмеркавання выказвання пра тое, што шчасце — гэта стан душы, а таксама пасля прачытання аўтарам вершаў на духоўную тэматыку.
Аліна Голуб ад імя усіх удзельнікаў сустрэчы падзякавала Галіне Мароз за творчасць, шчырасць і цяпло, пажадаўшы ёй творчых поспехаў, шчасця і любові. Аўтар прызналася, што менавіта такі творчы дыялог, такая аддача слухачоў дае моцны штуршок пісаць і выступаць далей. Яна паабяцала, што, калі вернецца зноў на Радзіму, то зладзіць свой вялікі аўтарскі канцэрт.
Алена Масцерава.