Новости
Лагойская бібліятэка прадставіла кніжныя навінкі
главное
2325 дня(-ей) назад
2
4

Бібліятэчны фонд Лагойскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ў другім квартале гэтага года папоўніўся цікавымі выданнямі. Спынімся на самых адметных.

Так, у гарадскую бібліятэку паступіла кніга Канстанціна Тышкевіча “Вілія і яе берагі”, выдадзеная “Беларускай навукай” у серыі “Беларускі кнігазбор”. Прачытаць гэту легендарную працу раім усім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.
У бібліятэках раёна можна спытаць кнігу “Хатынь. Трагедыя беларускага народа”, якую напісаў Артур Зельскі – дырэктар мемарыяльнага комплекса. Яна выйшла вясной гэтага года да 75-й гадавіны хатынскай трагедыі, перакладзена на рускую і англійскую мовы.
Цікавай знаходкай для аматараў музыкі стане “The Beatles” Хантэра Дэвіса. Каб напісаць гэту кнігу, брытанскі журналіст правёў з гуртом 18 месяцаў у 1967-68 гг. Яго праца стала адзінай аўтарызаванай біяграфіяй сусветна знакамітага гурта і прынесла папулярнасць самаму аўтару. З кожным перавыданнем кніга дапаўнялася новымі матэрыяламі, што робіць яе яшчэ больш каштоўнай.
Нагадаем, што фонд грамадскіх бібліятэк папаўняецца не толькі за кошт цэнтралізаваных паступленняў. Ва ўстановах культуры працягваецца акцыя “Падары бібліятэцы кнігу”, таму кожны жадаючы можа прынесці сюды свае кнігі.
Таццяна Крэнь