Не скажу, што адказаў прыйшло зашмат, але тыя, што мы атрымалі, насамрэч парадавалі.
Але, перш чым падвесці вынікі, сама адкажу на іх.
Першае. “Ці лічыце вы беларускую мову роднай?” – дакладна адказаць не магу. Я – руская. Мае бацькі – тата, мама – рускія. У нашай хаце не гучала беларуская мова. Але я вырасла ў Беларусі. Вывучыць мову да такой ступені, каб не толькі яе разумець, але і гаварыць, пісаць, прыйшлося, калі стала мець зносіны з беларускамоўнымі людзьмі. Цяпер ведаю яе дзесьці нават лепш, чым некаторыя мае знаёмыя беларусы.
Другое. “Ці чытаеце вы творы на беларускай мове, і калі “так” – які з іх любімы?” – так, чытаю. Чытаю шмат. Калісьці апавяданне “Кава для дамавіка” Раісы Баравіковай перавярнула маё жыццё і адносіны да асяроддзя. З паліцы магу ўзяць любы том зборніка Караткевіча і пачаць чытаць нават з сярэдзіны. Дарэчы, з яго творчасцю пазнаёмілася праз “Дзікае паляванне”.
Трэцяе. “Ці можаце вы знянацку працытаваць хаця б два радкі з якога-небудзь беларускага верша?” – лёгка. І вельмі люблю гэта рабіць. Асабліва, калі кладзецца на тэму размовы. Напрыклад: “Усе мы людзі, усім нам цяжка”, або “Што ні робіцца – усё да лепшага”, або “Ёсць каша з сякеры. З сякеры? Не веру! Дзе ты сякеру ўзяла?”
Чацвертае. “Якія ў вас любімыя беларускія аўтары?” – іх нямала, але ўсё залежыць ад настрою. Як ужо казала, Караткевіч. А яшчэ – Быкаў, Мележ. З сучасных – тая ж самая Баравікова, Пісьмянкоў, Федарэнка. Дарэчы, некалі дзякуючы Алесю Ўладзіміравічу адкрыла дзя сябе Купалу. А пасля сустрэчы з пляменніцай Песняра, якая адбылася ў рабочым кабінеце Алеся Пісьмянкова ў “Полымі”, зірнула на класіка беларускай літаратуры зусім іншымі вачыма.
Пятае. “Ці ёсць у вас любімыя беларускія словы, якія вы ўжываеце нават у рускамоўнай гаворцы?” – зразумела, ёсць! І самае любімае з іх – “дабрабыт”. Мне здаецца, што яно да такой ступені глыбокае, што ў рускай мове нават няма яму аналагу. Услухайцеся: “дабра-быт”. Гэта значыць лад і любоў у сям’і, дастатак і нават багацце ў хаце, узаемапаразуменне ў асяроддзі і безумоўнае шчасце.
Дарэчы, пра словы. На журфаку БДУ ў нас была выкладчыца па стылістыцы Марыя Карповіч. Яе любімай забаўкай было “тэсціраваць” моладзь рэдкімі словамі. Накшталт: “хто мне адкажа, што такое “нагавіцы” атрымае бонус на заліку”. Ці: “Таму хто растлумачыць, у чым розніца паміж “чаем” і “гарбатай” будзе дадатковы бонус” (адказы такія: нагавіцы – гэта подштанники; гарбата ў кубачку, а ў пачцы і на кусце – чай). Зразумела, бонусы мы не атрымлівалі, але гэтая гульня падабалася і студэнтам. Ва ўсялякім выпадку – я атрымлівала асалоду, вышукваючы ў слоўніках і даведніках нешта цікавае.
***
Але мы крыху саступілі з тэмы. Вернемся да апытанкі. Яшчэ раз дзякуй усім, хто прыняў у ёй удзел. На першае пытанне выключна ўсе рэспандэнты далі станоўчы адказ. Яно і зразумела: той, для каго беларуская мова нічога не варта, проста прапусціў гэты пост. Пашыраны адказ дала Наталля Марцінкевіч: “Родную мову, як адчуваю, ведала заўсёды, бо вырасла ў бабулінай хаце, дзе заўсёды мармытала радыё. Таму дзяцінства да трох год і кожнае лета – беларускае”.
Сярод любімых твораў і любімых аўтараў часцей за ўсё сустракаецца прозвішчы Быкава, Караткевіча, Мележа, Багдановіча. Узгадвалі мае рэспандэнты пры адказе на гэтае і наступнае пытанні Ніла Гілевіча і Дануту Бічэль-Загнедаву, Людмілу Рублеўскую і Анатоля Зэкава. Прыемна, што прагучалі прозвішчы сучасных маладых аўтараў накшталт Рагнеда Малахоўскага. Не прамінулі мае рэспандэнты ўзгадаць класікаў беларускай літаратуры Купалу і Коласа. Не абышлося без Ганны Севярынец і Святланы Алексіевіч. Сярод дзіцячых аўтараў назвалі Уладзіміра Ліпскага і Андрэя Скурко з вершыкамі для маленькіх. Алена Масцерава піша, што “найперш хацела б набыць новыя кнігі Валеры Гапеева, Евы Вайтоўскай, Надзеі Ясмінскай, Алега Грушэцкага”.
А вось пра любімыя словы было столькі варыянтаў, што нават цяжка пералічыць іх усе: шуфлядка, аднадумца, няўрымслівы, жэўжык, апантаны, адпаведнік, безумоўна, дабранач, няўрымслівы, лагодны, маладзік, імжа, утома, сенажаць і шмат іншых. І кожнае з іх – сакавітае, прыгожае, ёмкае. Услухайцеся ў гаворку і адчуйце смак беларускай мовы!
Дарэчы, калі ў вас ёсць свае адказы на пытанні, пішыце мне ў рэдакцыю.
Заўсёды ваша – амаль беларускамоўная руская Ірына Станкевіч, “РК”.