Новости
У Лагойскім касцёле знаходзяцца цудадзейныя абразы Маці Божай
главное
339 дня(-ей) назад
2
4

Ранішняе набажэнства ў Лагойкім касцёле святога Казіміра сёння стала  асаблівым. Сюды былі дастаўлены 17 абразоў Маці Божай.

Найсвяцейшая Панна Марыя ў гісторыі збаўлення займае асаблівае месца, якое сам Пан Бог вызначыў для Яе. Яе самая вялікая заслуга ў тым, што праз сваю паслухмянасць падчас Звеставання Яна стала Багародзіцай, Маці Сына Божага.

Яна сама выбрала беларускую зямлю  і зрабіла яе месцам свайго аб’яўлення. У многіх куточках нашай краіны Найсвяцейшая Панна пажадала застацца з намі ў сваіх абразах, каб дапамагаць ісці нялёгкім шляхам зямнога жыцця, ведучы нас да свайго Сына Езуса Хрыста.

Незлічоныя цуды, якія адбыліся на беларускай зямлі праз заступніцтва Багародзіцы, сведчаць пра Яе асаблівую апеку, а праз ушанаванне абразоў, малітву і іншыя набажэнствы да Панны Марыі вернікі давяраюцца Яе Матчынаму клопату.

І так сталася, што Маці Божая рушыла ў пілігрымку па Беларусі. У аўтамабільнай перэгрынаціі Яна пачала ў сваіх цудадзейных абразах падарожжа па розных куточках краіны, пераадольваючы многія тысячы кіламетраў.

Гэтае незвычайнае падарожжа посту і малітвы распачалося 12 чэрвеня 2021 года з гродзенскай катэдральнай базылікі св. Францішка Ксавэрыя, якое арганізаваў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк. Лагойск стаў 93-м месцам ушанавання абразоў Багародзіцы, копіі якіх выканала мастачка Ядзвіга Сянько. У нашым касцёле яны будуць знаходзіцца па 5 студзеня 2024 года, пасля чаго перамесцяцца ў Плешчаніцы.

Кожны з нас па-свойму перажывае пачуцці, звязаныя з малітваю і абразамі тых, да каго звяртаецца. Апісаць  17 абразоў, выстаўленых у лагойскім касцёле, немагчыма. Усе яны розныя. Напрыклад, Маці Божая Тракельская намалявана разам з Дзіцяткам на руках, а побач знаходзіцца выява св. Казіміра, які з ружанцам у руках кленчыць перад Багародзіцай.

Абраз апякункі Мінска нагадвае праваслаўную выяву Божай Маці, якая сваім покрывам захінае зямлю і род людскі ад бедаў і выпрабаванняў.

А самым кранаючым для мяне аказаўся абраз Чэнстахоўскай Маці Божай.

Зазірніце ў касцёл і прачытайце ў вачах Багародзіцы светлую радасць  і невыказаны смутак,боль,  засцярогу і Матчыну любоў.

Валянціна КОРЗУН.