Свой візіт у гэтую навучальную ўстанову госці пачалі са знаёмства з музеем баявой славы, які ўвесь час папаўняецца новымі матэрыяламі. Дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў вывучаюць старонкі Вялікай Айчыннай вайны, збіраюць успаміны сведкаў таго часу і расказы іх нашчадкаў, яны прымалі ўдзел у добраўпарадкаванні ўрочышча Іванаўшчына. Усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў экспазіцыі школьнага музея.
Літаратурную сустрэчу распачала пранікнёным выкананнем гімна Лагойска на словы нашага знакамітага земляка Сяргея Давідовіча Настасся Касьянава.
А першай слова ўзяла ініцыятар мерапрыемства член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іна Фралова – пісьменніца, паэтка і перакладчык.
– Тэматыка маіх кніг разнастайная, – заўважыла Іна Мікалаеўна. – Але апошнім часам асаблівую ўвагу я надала менавітай такой хвалюючай старонцы гісторыі, як вайна. Тое, аб чым даведалася з архіваў і людскіх аповедаў, яскрава пацвярджае намер акупантаў знішчыць пераважную частку беларускага народа, а астатніх зрабіць рабамі. І хаця я збіраюся напісаць кнігу, прысвечаную сваёй малой радзіме – Вілейшчыне, сёння прачытаю верш пра трагічны лёс вёскі Шунеўка ў Докшыцкім раёне, якая раздзяліла лёс Хатыні. Месца, дзе была гэтая вёска, мы наведалі падчас такой, як сёння, творчай вандроўкі і былі вельмі ўзрушаны трагедыяй населенага пункта, што так і не паўстаў з попелу.
Супрацоўнік газеты “Літаратура і мастацтва” пісьменнік Рагнет Малахоўскі працягнуў гэтую тэму. Ён прачытаў урывак з твора, змешчанага ў кнізе “Званоў перазвон”, якую падарыў бібліятэцы гімназіі. Кніга была створана да 80-годдзя Хатынскай трагэдыі.
Цікавыя звесткі пра план знішчэння беларусаў расказаў яшчэ адзін госць – Аляксандр Плавінскі. Шмат гадоў ён займаецца краязнаўствам і вывучэннем гісторыі, у тым ліку падпольным рухам у Мінску ў час ваеннага ліхалецця. Сабраныя ім матэрыялы друкуюцца ў розных выданнях.
– Усе тыя ахвяры, пра якія шла гаворка, былі прынесены дзеля мірнага неба, пад якім жывём мы з вамі, – зазначыла Іна Мікалаеўна. – Радуемся ўсіму, што вакол нас. Аб гэтым распавядае ў сваіх творах пісьменнік Анатоль Зэкаў, якога вы ведаеце па вершах, што змешчаны ў школьных падручніках. Сёння вы маеце магчымасць бачыць гэтага таленавітага чалавека.
А таленавіты чалавек аказаўся яшчэ і з пачуццём гумару. Ён хутка наладзіў кантакт з аўдыторыяй. Шчыра дзякаваў удзельнікам тэатральнага калектыву Лагойскай школы мастацтваў, якія прачыталі некалькі яго казак, і з вялікім задавальненнем фатаграфаваўся на памяць з юнымі артыстамі.
Сутрэча была пазнавальнай, цікавай і цёплай, як сама беларуская мова, на якой яна праходзіла.
Валянціна КОРЗУН.
Фота аўтара.