У суботу на пляцоўцы ля гарадской ратушы ў Мінску прайшоў 10 юбілейны рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”. На майскае свята з’ехаліся майстры з розных рэгіёнаў Беларусі, якія прадставілі традыцыйныя віды творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кожны прылавак быў адметны сваёй тэматыкай, каларытам і ўнікальным афармленнем. Тут можна было ўбачыць гліняныя збаны і разьбу па дрэве, саматканыя і вышываныя рушнікі, саламяныя цацкі і многае іншае.
Сярод шматлікіх удзельнікаў былі і нашы землякі – умельцы народнага клуба майстроў “Скарб зямлі Лагойскай” і раённага Дома рамёстваў.
Напрыклад, калекцыі сувенірных лялек прадставілі Кацярына Асташэвіч і Людміла Буцар, Ніна Савельева прапанавала тэкстыльныя цацкі. Традыцыйную вышыўку льняных рушнікоў – Наталля Марцінкевіч. З лагойскімі пейзажамі і нацюрмортамі прыехаў у сталіцу мастак Ігар Трушаль, з цяслярнымі вырабамі - Уладзімір Крашаніннікаў. Таксама можна было ўбачыць і невялікую хатную калекцыю ганчара Уладзіміра Саўрыцкага. А Мікалай Стрэльчанка, акрамя глінянных работ, прывёз з сабою і ганчарнае кола, на якім праводзіў майстар-класы. Дарэчы, кожны наведвальнік фестывалю меў магчымасць паспрабаваць свае сілы падчас прыватных заняткаў амаль у кожнага майстра: узяць пучок саломы ці кавалак гліны і зрабіць сувенір.
Акрамя таго, прысутныя маглі паслухаць выступленні фальклорных калектываў.
Напрыканцы свята прайшло ўзнагароджанне пераможцаў. Прыемна, што Дыплом за 2-е месца атрымаў лагайчанін Мікалай Стрэльчанка.
Валянціна Меняйла.